Дванаццаць музеяў Гродзеншчыны прынялі ўдзел у Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, што сёлета прымаў тысячагадовы юбіляр – горад Брэст. Сярод тых, хто здзіўляў крэатывам і сучаснымі інавацыямі ў музейнай справе і развіцці турыстычнага бізнесу, былі супрацоўнікі Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек” і Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея.
Сёння недастаткова быць проста захавальнікамі фондаў, каб у музей ішлі і ехалі турысты. Патрэбна думаць і дзейнічаць крэатыўна, карыстацца сучаснымі падыходамі і шырэй выкарыстоўваць інавацыйныя метады, каб прыцягнуць у музей наведвальнікаў, у тым ліку і замежных. Апошнім часам аб музеях усё больш гавораць як аб мультыкультурных цэнтрах, дзе цікава людзям сталага ўзросту, моладзі і дзецям. Менавіта так можна рэзюміраваць галоўную мэту, якую ставілі арганізатары маштабнага мерапрыемства. На яго сабралася больш за 120 удзельнікаў – прадстаўнікоў з ліку нацыянальных, рэспубліканскіх, абласных, раённых і школьных музеяў, а таксама турыстычных фірм і кампаній, што задзейнічаны ў музейнай індустрыі. Форум сабраў гасцей з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Латвіі, Германіі, Арменіі і Кітая.
Кожны музей шукае свой шлях развіцця: адныя робяць стаўку на цікавыя экспанаты, другія распрацоўваюць анімацыйна-адукацыйныя праграмы, музейныя квэсты і рэалізуюць сацыяльна-культурныя праекты, а трэція шукаюць незвычайнае ў звычайных рэчах. Адмысловыя “фішкі” у сваім багажы маюць і музейшчыкі Мастоўшчыны.
– Мы на форуме прадстаўлялі экспазіцыйную пляцоўку “Смак хлеба вайны”, прысвечаную 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – расказвае дырэктар музея “Лес і чалавек” Наталля Пуцілоўская. – Перадаць дух ваеннага часу, у прыватнасці, атмасферу партызанскага лагера, нам удалося з дапамогай тэматычнага банера і экспанатаў, якія расказваюць пра партызанскі рух на Мастоўшчыне, камандзіраў атрадаў і герояў-партызан, пра тое, як жылі і чым харчаваліся народныя мсціўцы. Наведвальнікам экспазіцыі мы прапаноўвалі паспрабаваць кулеш – гэтая страва ўваходзіла ў рацыён партызан, а таксама прадэгуставаць хлеб ад Мастоўскага філіяла аблспажыўтаварыства, ды ў прыкуску з салам і салёным агурком. Таксама наша пляцоўка карысталася попытам у якасці фотазоны, нядрэнна разыходзілася і сувенірная прадукцыя з выявамі мастоўскіх краявідаў і славутасцей.
Навучыцца ткаць падвойныя дываны і набыць саматканы гальштук ці закладку – такую магчымасць удзельнікам форума прадаставілі супрацоўнікі Гудзевіцкага музея.
– З цікавасцю наведвальнікі нашай экспазіцыі знаёміліся з рэчамі з калекцыі падвойных дываноў Веры Ігнатаўны Белакоз, – удакладняе дырэктар музея Вікторыя Палойка. – Таксама былі прадстаўлены і новыя тканыя вырабы ў дадзенай тэхніцы. Многія скарысталіся магчымасцю адчуць сябе ў ролі ткачыхі – майстар-класы па ткацтве, як на вялікім ткацкім станку, так і на ручных кроснах, мелі папулярнасць. Прычым, зацікаўленасць праяўлялі не толькі людзі больш сталага ўзросту, але і моладзь.
Увогуле ж, IV Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”, у тым ліку і для музейшчыкаў нашага раёна, стаў пляцоўкай для абмену вопытам і знаёмства з новымі формамі работы такіх жа апантаных сваёй справай калег з іншых рэгіёнаў краіны. Ён паказаў вялікі патэнцыял музеяў, якім ёсць што сказаць і паказаць.
Н. ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад