Выхаванне Грамадзяніна, Патрыёта – адна з асноўных задач сучаснай школы. Гэта вельмі складаны працэс, які рэалізуецца на працягу ўсяго школьнага жыцця.
Таму дзяржаўная ўстанова адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” арганізоўвае работу ў гэтым напрамку так, каб вучні ўсвядомілі сутнасць грамадзянскасці і патрыятызму і змаглі развіваць у сабе павагу да гісторыка-культурнай спадчыны сваёй Радзімы. Вялікую ролю ў дасягненні пастаўленай задачы адыгрывае народны музей баявой славы школы, які з’яўляецца сапраўднай скрабніцай гісторыі лунненскага краю.
У нашай школе вялікую папулярнасць набылі музейныя ўрокі. Вучні з вялікім задавальненнем становяцца ўдзельнікамі і экскурсаводамі аглядных, тэматычных і тэатралізаваных экскурсій. Усё гэта садзейнічае іх далучэнню да мінулага. У рамках міжнароднага праекта “Формула памяці” валанцёрамі атрада “Клопат” праведзены сустрэчы з вязнямі Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на тэрыторыі Лунненскага сельскага Савета. Работа народнага музея баявой славы адзначана дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у конкурсе музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі.
Новая форма правядзення інфармацыйных гадзін (ШАГ) набыла папулярнасць у вучняў. Яны з задавальннем рыхтуюць дадатковую інфармацыю, мультымедыйныя прэзентацыі, пытанні для пачэсных гасцей. Сустрэчы з прадстаўнікамі раённай улады, кіраўнікамі вытворчасці, воінамі-інтэрнацыяналістамі, знакамітымі выпускнікамі школы з’яўляюцца для вучняў жывым прыкладам адданага служэння Радзіме. І ў нас гэта атрымліваецца. У 2020/2021 навучальным годзе вопыт работы школы па рэалізацыі інфармацыйнага адукацыйнага праекта (ШАГ) апублікаваны на Нацыянальным адукацыйным партале Рэспублікі Беларусь у раздзелах “Лепшая Школа Актыўнага Грамадзяніна”, “Мы дзейнічаем”.
Эфектыўнай формай работы ў плане грамадзянскага і патрыятычнага выхавання з’яўляецца пошукава-даследчая дзейнасць. Наша задача – зацікавіць вучняў краязнаўчым матэрыялам, каб вучню захацелася самому правесці даследаванне па тэме і папоўніць пры гэтым не толькі свае веды, але і экспазіцыю музея новай інфармацыяй. Асаблівая роля тут адводзіцца экспедыцыям, паходам па гістарычных месцах малой радзімы і Беларусі ў цэлым. Па выніках пошукавай работы краязнаўцы пішуць навукова-даследчыя працы, апавяданні, складаюць вершы, якія адзначаны высокімі ўзнагародамі на абласным і рэспубліканскім этапах. Так, у мінулым навучальным годзе па выніках даследчай работы атрыманы дыпломы І ступені на абласным узроўні ў конкурсе навукова-даследчых работ па вучэбным прадмеце “Гісторыя”, у краязнаўчым конкурсе “Край Гарадзенскі”, у рэспубліканскім краязнаўчым конкурсе “Чарнобыль у лёсах нашых землякоў”, у рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых краязнаўчых работ навучэнцаў “Гісторыя Лунненскай сярэдняй школы”, дыплом ІІ ступені на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу літаратурных работ “Азбука пачуццяў” . За ўдзел у рэспубліканскім праекце ГА “БРПА” “ЭкаЦімураўцы” атрыманы дыплом ІІ ступені абласнога ўзроўню.
Але час дыктуе новыя патрабаванні. Погляд у мінулае для пакалення “Z” немагчымы без сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Нашы вучні ствараюць мультымедыйныя прэзентацыі, відэаролікі, буктрэлеры, фільмы. Яны сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага адукацыйнага праекта “ProMedia”, абласнога праекта “My_ediny_ by_official”, раённага праекта шостага школьнага дня “Мосты.by: сообщество юных блогеров”. Дзякуючы такой актыўнасці, мы робім значныя крокі наперад па грамадзянска-патрыятычным выхаванні і ганарымся сваімі поспехамі. За ўдзел у рэспубліканкім конкурсе “У каждого времени свои герои”, які праходзіў у рамках рэспубліканскай дэкады грамадзянска-патрыятычных спраў “Афганістан у лёсах нашых землякоў”, атрыманы дыплом ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а ў рэспубліканскім конкурсе “Пазнай Беларусь” – дыплом І ступені ў рэспубліцы ГА “БРПА” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, у конкурсе буктрэлераў “Чытаем беларускіх класікаў” – дыплом ІІ ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.
Вопыт работы па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні Лунненскай сярэдняй школы быў прадстаўлены на VІІ форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі (верасень 2020), адзначаны дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі на ХІХ рэспубліканскай выставе метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту (2021).
Лічым, што работа па выхаванні сапраўднага Грамадзяніна і Патрыёта дае свой плён, бо яна аб’ядноўвае вучняў і настаўнікаў у адзіны калектыў аднадумцаў-патрыётаў.
Ларыса Эйсмант,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
дзяржаўнай установы адукацыі
“Лунненская сярэдняя школа
імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад