Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураНовости МостовщиныНаш край

Музей у Гудзевічах адзначае 50-гадовы юбілей

Музей у Гудзевічах адзначае 50-гадовы юбілей02 февраля 2018 — 14:29

 Сёння Гудзевічы вядомы далёка за межамі нашай Беларусі, дзякуючы літаратурна-краязнаўчаму музею. Такога ўзроўню музей адзіны ў Беларусі, які знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, з унікальнымі, арыгінальнымі экспанатамі, што маюць вялікую каштоўнасць не толькі для нашага рэгіёну, але і для культурнай спадчыны рэспублікі.

 

У мінулым годзе музей наведалі 9202 экскурсанты: радушна прымалі гасцей не толькі з блізкага, але і далёкага замежжа. Некалькі год назад у Гудзевічах пабывала група кітайскіх турыстаў, якія засталіся ў захапленні ад убачанага.


За работу па адраджэнні, вывучэнні і папулярызацыі культурнай і гістарычнай спадчыны продкаў дырэктар УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей” Кацярына Вітальеўна Басінская і майстар падвойнага ткацтва Вера Ігнатаўна Белакоз у розныя гады былі ўдастоены прэміі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта імя А.І. Дубко.


Па маёй просьбе Кацярына Вітальеўна згадзілася правесці экскурсію і расказаць пра асноўныя перыяды з гісторыі музея:
-- Пачалася гісторыя музея другога лютага 1968 года з невялікага школьнага пакойчыка, створанага па ініцыятыве настаўніка беларускай мовы і літаратуры Алеся Мікалаевіча Белакоза, адкрыццё было прымеркавана да юбілею школы. Дзеці пад кіраўніцтвам педагога актыўна збіралі экспанаты, вялі перапіску з пісьменнікамі, літаратуразнаўцамі, мастакамі, таму неўзабаве ў музейным пакойчыку стала цесна.


Якраз тады школьны музей наведаў Міхаіл Сцяпанавіч Пронька – тагачасны старшыня калгаса імя Карбышава (зараз ЗАТ “Гудзевічы”). У той дзень у кнізе водгукаў з’явіўся запіс: “Зраблю ўсё ад мяне залежнае, каб музей і надалей расказваў аб развіцці беларускай літаратуры, аб багатых здабытках беларускага народа і мясцовага насельніцтва.


М. Пронька”. З таго дня старшыня калгаса стаў адным з самых актыўных стваральнікаў і прыхільнікаў музея.
У 1981 годзе за калгасны кошт перавезлі з вёскі Семярэнкі старую сялянскую хату, у якой размясціўся этнаграфічны музей. Тут адноўлены інтэр’ер жылога пакоя, каморы, а выстаўленыя ў сенях драўляныя плуг, барана, сошка, іншы сельскагаспадарчы інвентар даюць нам уяўленне пра нялёгкую сялянскую працу. Пазней каля хаткі з’явіўся свіронак – гэта гаспадарчая пабудова, у якой захоўвалі збожжа. Зараз каля хаткі арганізавана рэкрэацыйная зона, дзе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы, для наведвальнікаў музея прапануюцца анімацыйныя праграмы з народнымі гульнямі, песнямі, танцамі.


У тым жа 1981 годзе ў Гудзевічах была пабудавана новая школа, таму стала магчымым пашырыць музейныя плошчы. Да 1984 года адрамантавалі і аформілі чатыры экспазіцыйныя залы ў старым будынку школы. З унікальных экспанатаў можна адзначыць “Маніфест Аляксандра ІІ пра адмену прыгоннага права”; кнігу Францішка Багушэвіча “Дудка беларуская” 1896 года выдання і яго арыгінальны здымак ХІХ ст; аўтаручку Уладзіміра Караткевіча, якою ён пісаў свой раман “Каласы пад сярпом тваім”; лемантар (буквар) 1918 года выдання пад рэдакцыяй Алесі Смоліч і многае іншае. У зале народнага мастацтва экспазіцыя дэманстравала талент і працавітасць нашых продкаў. Рэчы, сабраныя тут, зроблены іх залатымі рукамі, гэта кавальства, ткацтва, вышыўка, вырабы з дрэва, саломы, гліны, народны строй Гудзевіцкага рэгіёну.


Карціны, выстаўленыя ў зале “Літаратурнае мастацтва”, нашаму музею ў свой час падарылі аўтары. Гэта работы А.Марачкіна, А.Кашкурэвіча, М.Купавы, Л.Трахалёвай, В.Целеша, А.Ліпеня, Дз.Іваноўскага, іншых мастакоў.


Падвойнае ткацтва вельмі складанае, і нават раней мала хто з жанчын умеў ткаць у такой тэхніцы, якая, дарэчы, занесена ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У музеі сабрана ўнікальная калекцыя старых падвойных дываноў. Самы старажытны датуецца 1898 годам. Побач з падвойнымі дыванамі, якія ткалі нашы прабабулі, у экспазіцыі размешчаны і сучасныя падвойныя дываны, што выткала Вера Ігнатаўна Белакоз, якой за гэтую працу ў 2013 годзе было прысвоена званне “Народны майстар”.


Вера Ігнатаўна не толькі сама авалодала тэхнікай падвойнага ткацтва, але ахвотна передае сваё ўменне маладым ткачыхам, якія летам з’язджаюцца ў Гудзевічы з усёй Беларусі на заняткі летняй школы “Майстэрня падвойнага ткацтва”.


З 2012 года Гудзевіцкі літаратурна-краязнаўчы музей стаў адным з партнёраў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Павышэнне прывабнасці трансгранічнага рэгіёну шляхам уключэння этнакультурных рэсурсаў у турыстычную дзейнасць (акронім “Вандроўка ў этнаказку”) Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча-Беларусь-Украіна на 2007-2013гг. Сродкі міжнароднага гранта дазволілі правесці рамонт у музейных залах, добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу, што значна палепшыла інфраструктуру музея, павысіла ўзровень прыцягальнасці для турыстычных груп. Зараз у музеі ідзе актыўная работа па рээкспазіцыі. Ужо адноўлены і працуюць для наведвальнікаў дзве залы раздзела “Літаратурны свет Бацькаўшчыны” і дзве залы раздзела “Народнае ткацтва”. У планах закончыць рээкспазіцыю і аформіць яшчэ тры залы.


Расказваць пра багацце, сабранае ў нашым музеі, можна бясконца. Але лепш адзін раз убачыць, чым многа разоў пачуць. Таму прыязджайце да нас у Гудзевічы. Мы заўсёды рады гасцям,-- запрашае ў музей К.В. Басінская.

Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ

Фота аўтара і
Гудзевіцкага музея
 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио