Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод малой родиныГод малой родиныНаука и образованиеНаука и образование

Музей: мінулае і сучаснае побач

Музей: мінулае   і сучаснае побач27 февраля 2018 — 14:49

Народны музей баявой славы дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”– гэта не проста намінальная адзінка, гэта жывы арганізм са сваёй гісторыяй, са сваімі незабыўнымі, яркімі старонкамі, гэта зарад станоўчай энергіі, якая акамулюецца ў беражліва сабраных матэрыялах і рэчах. У музеі налічваецца каля 1900 экспанатаў, якія не проста гавораць, а крычаць ад імя сваіх уладальнікаў і падтрымліваюць сувязь пакаленняў.

МІНУЛАЕ
60 гадоў таму назад у Лунненскай сярэдняй школе для наведвальнікаў адчыніў дзверы гісторыка-краязнаўчы музей. Заснавальнікам яго з’яўляўся настаўнік гісторыі Мсціслаў Уладзіміравіч Сямак. Ён з вялікім натхненнем і энтузіязмам узяўся за нялёгкую працу і змог захапіць ёю настаўнікаў і вучняў школы. Напачатку музей складаўся з сямі аддзелаў, у якіх расказвалася пра людзей нашага краю, іх працу, гераічную барацьбу беларускага народа ў мінулым. Асабліва цікавай аказалася пошукавая работа, якая датычылася гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Удалося не толькі знайсці звесткі пра лётчыка–знішчальніка А.С.Данілава, які здзейсніў паветраны таран на тэрыторыі нашай мясцовасці ў першы дзень вайны, але і наладзіць з ім сувязь. Нямала давялося папрацаваць краязнаўцам у час пошукаў герояў, якія прымалі ўдзел у вызваленні Лунна (дарэчы, сем воінаў атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, і імя аднаго з іх носіць наша школа). Пазней былі наладжаны сувязі з ветэранамі 127-га знішчальнага авіяцыйнага палка, 348-й Бабруйскай стралковай дывізіі, роднымі байцоў 25-га мотапантоннага батальёна.


У 1961 годзе за паспяховую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні музей адзін з першых у рэспубліцы Беларусь атрымаў ганаровае званне музея баявой славы. А ў 1965г. у конкурсе на лепшую арганізацыю работы музей заняў першае месца ў Беларусі, другое – у СССР. У падарунак атрымалі матацыкл і музычныя інструменты для духавога аркестра. Такое высокае прызнанне акрыліла краязнаўцаў і натхніла на новыя пошукі. Вучні наведалі Брэсцкую крэпасць-герой і ў знак удзячнасці за здзейсненую справу ад работнікаў мемарыяльнага комплексу прывезлі каштоўныя рэчы для школьнай экспазіцыі.


Лунненцы не толькі спасцігалі юнымі сэрцамі подзвігі герояў, але і на самай справе рыхтаваліся да іх. У школе быў створаны парашутны гурток. Гэта былі сапраўдныя ўрокі мужнасці. Вучні не толькі марылі пра подзвігі, але і гатовы былі іх здзейсніць. 86 школьнікаў атрымалі пасведчанне парашутыста.


Краязнаўцы наладзілі перапіску з савецкімі пісьменнікамі, якія ў сваіх кнігах расказвалі пра патрыятызм і гераізм нашага народа ў гады вайны. Кнігі К.Сіманава, С. Смірнова і М. Танка з іх аўтографамі сталі дапаўненнем да сабранага матэрыялу.


Каштоўным дадаткам да літаратурнай экспазіцыі з’яўляюцца творы вядомага беларускага пісьменніка П.Макаля, лёс якога цесна звязаны з лунненскім краем. У спадчыну музею аўтар пакінуў шэраг кніг.


За выдатныя дасягненні ў рабоце ў 1986 го-дзе музею баявой славы Лунненскай сярэдняй школы было прысвоена ганаровае званне “народны”. Гэта было вялікім гонарам для яго кіраўніка М. У.Семака і “музейнікаў”. Значны ўклад у развіццё музея ўнеслі вучні: старшыні савета музея І.Дораш, Я.Карнейка, М.Мікула,Л.Дзяшук, В.Ліннік, Н.Трусава, І.Бужанін, Т.Ляпеша…


З 1995г. у сувязі з рэканструкцыяй музей не мог прымаць наведвальнікаў. Званне народны было страчана. Аднак работа не спынялася, па-ранейшаму дбайна адбіраліся і сістэматызаваліся матэрыялы.


СУЧАСНАЕ
З 2004 года прадоўжылася актыўнае жыццё музея ў новым будынку школы. Да яго дзейнасці далучыліся новыя людзі, таму што М.У. Сямак пайшоў на заслужаны адпачынак. У музеі дбайна захоўваюць ранейшыя традыцыі. У той жа час ён жывіцца новымі ідэямі, адпавядае патрабаванням часу.


Сёння музей па праву называюць цэнтрам гісторыі і культуры луненнскага краю. Яго наведваюць не толькі госці з усіх куткоў Беларусі, але і ЗША, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Вялікабрытаніі, таму экскурсіі ў музеі распрацаваны на беларускай, рускай, англійскай мовах. Пры правядзенні семінараў рознага ўзроўню, сустрэч прапануюцца наведвальнікам тэатралізаваныя экскурсіі, і госці “як на машыне часу” падарожнічаюць з гістарычнымі асобамі адпаведнага перыяду па аграгарадку Лунна.


Дзякуючы няспыннай пошукавай працы, музей штогод папаўняецца прыблізна 50 экспанатамі, якія не пакрываюцца музейным пылам, а выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, імі дапоўнены экспазіцыі, на іх аснове створаны новыя: “Жыццё і трагедыя яўрэяў Лунна”, “Пісьменнікі нашай мясцовасці”, “М. У. Сямак – заснавальнік народнага музея баявой славы школы”.


Як і раней краязнаўцамі праводзяцца экспедыцыі і паходы па месцах баявой славы. Навучэнцы і настаўнікі школы працуюць з архіўнымі дакументамі музея школы і дакументамі Гродзенскага абласнога архіва. І зараз да нас звяртаюцца родныя загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны з замежных краін па ўстанаўленні пацверджання атрыманых звестак. На аснове запытаў праводзім даследаванні, іншы раз для ўдакладнення інфармацыі звяртаемся за дапамогай у раённы ваенкамат. У музей прыязджаюць родныя і блізкія ветэранаў вайны, якіх ужо няма ў жывых, перадаюць музею альбомы аб іх жыцці ў мірны час і гэтым самым ушаноўваюць памяць.


Экспанаты і матэрыялы музея выкарыстоўваюцца для напісання навуковых прац, работ даследчага характару. Багатая гісторыя лунненскага краю дае магчымасць тварыць і атрымліваць добрыя вынікі ў конкурсах на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўнях. Ладзяцца сустрэчы па абмене вопытам, наведваюцца музеі іншых устаноў адукацыі, дзяржаўныя музеі раёна, вобласці, рэспублікі.


Погляд у мінулае зараз немагчымы без сучасных тэхналогій. У школе створаны віртуальны музей і 3D –панарама народнага музея баявой славы, шэраг відэафільмаў “Сем герояў за вызваленне Лунна”, “Гісторыя кахання Яна і Цыцыліі”, “М.У.Сямак – заснавальнік музея”. У 2014 годзе народны музей баявой славы школы і Гродзенскае тэлебачанне выпусцілі фільмы “У пошуках скарбу”, “Стаць героем”, у якіх расказваецца аб дзейнасці школьнага музея і яго ўнікальных экспанатах. Яшчэ адным крокам для захавання памяці з’яўляецца кніга “Повязь часоў, пакаленняў, традыцый”, выдадзеная аўтарскім калектывам настаўнікаў школы Л.У.Эйсмант, І.М.Сільвановіч, А.М.Чэрнік.


У 2010 годзе музей зноў атрымаў ганаровае званне “народны”. У 2015 годзе ў конкурсе музеяў устаноў адукацыі ён адзначаны дыпломам І ступені на абласным этапе, ІІ ступені - на рэспубліканскім. За высокія дасягненні ў рабоце народнаму музею баявой славы школы было даверана права прыняць удзел у ХVІ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў рамках святкавання Года моладзі і 70-годдзя Вялікай Перамогі.


Хацелася б адзначыць, што на працягу гісторыі існавання музея адчуваецца поўная падтрымка з боку адміністрацыі школы, раёна, вобласці. Існуе гэта падтрымка і сёння, дзякуючы ў першую чаргу кіраўніку ўстановы адукацыі Віктару Мечыслававічу Чэрніку, які лічыць музей адным з самых важных месцаў у школе для выхавання сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы.


Мы ганарымся тым, што нашы папярэднікі змаглі прадбачыць неабходнасць стварэння музея 60 гадоў назад, а нам дастаўся пачэсны абавязак захоўваць традыцыі, якія былі закладзены імі. Стараемся, каб матэрыялы, якія збіраліся па крупінках на працягу дзесяцігоддзяў, былі запатрабаваны, каб не страцілася памяць пра людзей і гісторыю нашай малой радзімы.


Л. Эйсмант,
кіраўнік народнага музея баявой славы дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя
Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио