“Мудрасць маці, мужнасць маці, любоў маці – гэта пазачасавыя паняцці. Народ складае легенды пра матчына сэрца. Маці не проста любіць сваё дзіця, слабае ці дужае, прыгожае ці непрыгожае, вясёлае ці самотнае... Яна разумее сваё дзіця ў шчасці і ў горы, калі яно знаходзіцца ў апагеі славы ці калі лёс абыходзіць яго...” – такімі словамі пачынаецца кожная экскурсія ў музеі Маці, які без малога дзесяць гадоў працуе ў Мікелеўшчынскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад – сярэдняя школа.
Як непрыкметна бяжыць час. Здаецца, толькі нядаўна ў колішняй старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” Таісы Мікалаеўны Мурынай, якая на той час была намеснікам старшыні райвыканкама, нарадзілася ідэя аб стварэнні музея Маці. Толькі яе падхапіла дырэктар Мікелеўшчынскай школы Надзея Канстанцінаўна Гардзіеўская і з неймаверным энтузіязмам прынялася збіраць матэрыял кіраўнік музея Тамара Міхайлаўна Кандратовіч. А вось ужо на працягу амаль што дзесяці гадоў музей гасцінна сустракае сваіх цікаўных наведвальнікаў, расказваючы пра жанчын-маці Мастоўшчыны, якія не толькі вырасцілі і выхавалі дастойнымі людзьмі сваіх дзяцей, але і самі многага дасягнулі ў жыцці. Лёс не песціў іх, але, здаецца, перажытыя цяжкасці толькі зрабілі іх яшчэ мацней, падкрэсліўшы іх жаноцкасць, душэўнае цяпло і бязмежную любоў.
- Наш музей быў адкрыты 13 кастрычніка 2009 года, якраз напярэдадні Дня маці, і пачынаўся ён з залы “Яе Вялікасць – Маці”, – паведамляюць нам юныя экскурсаводы Эвеліна Цыбоўская, Бажэна Лойка, Ангеліна Максакава і Надзея Строк. Здаецца, дзяўчаты ведаюць пра музей і яго экспанаты літаральна ўсё – так грунтоўна і дакладна яны расказваюць пра кожны фотаздымак, дакумент, грамату, зборнік вершаў і іх уладальнікаў. Дарэчы, гэта ўжо чацвёртае пакаленне экскурсаводаў, што ўзгадавала Тамара Міхайлаўна.
Сапраўды, зала Маці – асаблівая. З яе стэндаў на нас пільна пазіраюць жанчыны-маці. З кімсьці з іх даводзілася сустракацца і нават расказваць нашым чытачам аб іх жыцці і працоўных дасягненнях. Многія засталіся ў памяці як прыклад самаахвярнай працы, няўрымслівасці і чалавечнасці.
Асабліва ўражваюць вочы. Праменьчыкамі дабрыні, шчырасці, клопату напоўнены погляды шматдзетных маці і жанчын, што сталі роднымі для прыёмных дзетак. Сляды перажытога можна прачытаць у позірку жанчын-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і матуль, чые сыны прайшлі дарогамі афганскай вайны. Адказнасць застыла на тварах заслужаных работніц і ардэнаносцаў, гонар за сваіх дзяцей – у матуль вядомых спартсменаў, дзеячаў навукі і мастацтва. Асаблівым светам чагосьці нязведанага і нават таямнічага напоўнены вочы таленавітых жанчын Мастоўшчыны.
– Летась наш музей папоўніўся скульптурай “Маці з дзіцём на руках”, – расказвае кіраўнік музея Тамара Міхайлаўна. – Яе аўтарам з’яўляецца наш зямляк Генадзь Лойка, а прататыпам стала яго маці і малодшы брат. Мясцовыя жанчыны, што нядаўна наведалі музей, адразу пазналі, чые дарагія рысы ўвасобіў скульптар у гіпсе.
Дарэчы, сярод самых дастойных жанчын Мастоўшчыны нямала і мясцовых, мікелеўшчынскіх. Сёстры-ардэнаносцы Яніна і Люцыя Лісай – прыклад добрасумленных адносін да працы. Невыпадкова простыя даяркі ў свой час атрымалі такія адзнакі працоўнай доблесці, як ордэны Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”. Сярод шматдзетных матуль тут ганарацца Любоўю Кулік, якая выгадавала васьмёра дзяцей.
Заўсёды вялікую цікавасць у наведвальнікаў выклікае расказ і пра адзіную ў раёне жанчыну – Героя Сацыялістычнай Працы Домну Іванаўну Варац.
Заслугоўвае ўвагі і другая экспазіцыйная зала, якая носіць глыбока сімвалічную назву “Хата з матчынай душой”. Усё тут дазваляе хаця б у думках перанесціся ва ўтульную вясковую хату, дзе хочацца пагрэцца каля цёплай печы, прысесці з сяброўкамі ля прасніцы ці заняцца вышываннем ручніка. Правільна сказалі дзяўчаты-экскурсаводы, што такіх рэчаў, як у музеі, нельга купіць у краме. Яны іншыя, з душой, захоўваюць цяпло рук роднага чалавека і як быццам праецыруюць на цябе матуліны думкі і перажыванні, яе мудрыя павучанні і ўшчуванні.
У гэтым імправізаваным доме светла ад яркіх кветак, вышытых на шматлікіх ручніках, і цёпла ад рэчаў, што зроблены ўмелымі рукамі майстрых з усяго Мастоўскага раёна. Печ, якую называлі душой хаты, драўляны ложак 1929 года, дзіцячая люлька, крынкі, посцілкі, дываны, адзенне, настольніцы, маслабойка, качалка, што замяняла нашым продкам сучасны прас, - колькі, аказваецца, таемнага сэнсу ў гэтых простых, на першы погляд, рэчах.
– Майстрыха з Дубна Яўгенія Аляксандраўна Найда падарыла музею свае вышываныя фартух, ручнік і саматканую спадніцу. Ікону Божай Маці, вышытую шасцігранным балгарскім крыжыкам, ахвяравала Аліна Іванаўна Касач з Мілявіч. А жыхаркі Алешавіч і Дашкаўцаў Зінаіда Уладзіміраўна Рымко і Валянціна Паўлаўна Альховік дапоўнілі экспазіцыю тканымі дыванамі. Дзякуючы старанням Надзеі Пятроўны Біліды з Мастоў у нас ёсць беларускі нацыянальны касцюм, арнамент на якім быў вышыты менавіта гэтай майстрыхай, – з павагай і замілаваннем расказвае пра экспанаты музея Тамара Міхайлаўна. Дарэчы, іх ужо столькі, што залу давялося пашырыць. Тут жа ладзяцца і шматлікія выставы.
Што і казаць, музей Маці, як яму і прадказвалі, стаў сімвалам любові і ўдзячнасці ўсім матулям Мастоўшчыны. Ён стаў храмам дабрыні і чалавечнасці, дзе дзеці і дарослыя вучацца духоўнасці, гасціннасці і павазе да бліжняга.
Н. ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад