Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумДуховностьГод исторической памятиКультураБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Музей “Лес і чалавек” запрашае на тэатралізаванае мерапрыемства “Вялікдзень”

Музей “Лес і чалавек” запрашае на тэатралізаванае мерапрыемства “Вялікдзень”25 апреля 2019 — 08:45

У гонар каго святкуецца Вялікдзень? Якія прыродныя фарбы выкарыстоўвалі нашы продкі, каб пафарбаваць яйкі? Чым адорвалі валачобнікаў і як гуляць ў біткі? У каго атрымаць адказы на гэтыя пытанні? Безумоўна, у дзядзькі Цярэшкі, цёткі Шчодры і іх дачкі Марылькі, у якіх пераўвасабляюцца супрацоўнікі музея “Лес і чалавек” падчас тэатралізаванага мерапрыемства “Вялікдзень”.

На гэтым тыдні герояў прадстаўлення наведалі хлопчыкі і дзяўчынкі з трэцяй гарадской школы. Яны даведаліся пра тое, што Вялікдзень – гэта самае значнае і ўрачыстае свята, якое адзначалася нашымі продкамі ў гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу “вялікіх дзён” палявых работ. Яно не мае пэўнай, пастаяннай прымеркаванасці ў народным календары: у залежнасці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 красавіка да 8 мая.

Урачыстасць Вялікадня тлумачыцца тым, што свята праслаўляе цудадзейнае ўваскрэсенне Іісуса Хрыста, які быў пакараны распяццем на крыжы. Невыпадкова, што і вітацца ў гэты дзень прынята словамі “Хрыстос уваскрэс!”. На што адказваюць: “Сапраўды ўваскрэс!”.

Калі прыглядзецца, дык у гэты дзень сонца быццам бы “іграе” – струменіць свае праменьчыкі, пераліваецца – так прырода таксама радуецца светламу і вялікаму святу. Лічыцца, што цяпло, якое разам з сонейкам адагрэе зямельку, абудзіць у ёй жыццё і надзею.

З цікавасцю вучні пачатковых класаў слухалі біблейскую гісторыю аб тым, адкуль пайшоў звычай фарбаваць яйкі.

– Велікоднае яйка сімвалізуе жыццё, перамогу жыцця над смерцю, а чырвоны колер нагадвае аб крыві Хрыста, якую ён праліў дзеля выратавання людзей, – распавёў дзядзька Цярэшка.

– Нашы продкі надавалі яйку чароўныя, магічныя ўласцівасці, людзі верылі, што яно можа ўплываць на здароўе, прыгажосць, урадлівасць зямлі. Адварам, у якім фарбавалі яйкі, трэба абавязкова памыцца, каб вочкі былі светлыя, тварыкі чыстыя, а шчочкі ружовыя. Каб жыццё было чыстым і празрыстым, як крынічка лясная. Каб выраслі вы здаровымі і працавітымі, – дапоўніла гаспадара цётка Шчодра.

Вельмі спадабаўся дзецям расказ Марылькі пра тое, як раней фарбавалі яйкі. І сёння многія гаспадыні выкарыстоўваюць для гэтага не штучныя фарбавальнікі, а шалупінне цыбулі. А каб яйкі былі больш прыгожымі, прымацоўваюць да іх розныя лісточкі і кветачкі з дапамогай сінтэтычных шкарпэтак. Цікава, што карычневы колер яйку надаваў настой шалупіння грэчкі, светла-зялёны – яблыневай кары ці таполевых “коцікаў”, чорны – настой кары вольхі і іржавага жалеза.

А вясёлыя валачобнікі, якіх і сёння шчодра адорваюць валачобнымі яйкамі, пірагамі і іншымі прысмакамі, запрасілі ўсіх удзельнікаў мерапрыемства разам пагуляць. З цікавасцю і асцярожнасцю хлопчыкі і дзяўчынкі каталі яйкі з горкі, каб даведацца, хто ж з іх самы ўдачлівы, а таксама ўважлівы і спрытны. Падчас гульні ў біткі вызначалі, у каго самае моцнае яйка – “мацак”, як раней яго называлі.

Напрыканцы мерапрыемства кожны са школьнікаў атрымаў на памяць падарунак – малюнак з выявай велікоднага яйка, якія трэба расфарбаваць дома.

Н. ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио