Песні, гульні, забавы, карагод і смачныя бліны – Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек” запрашае юных мастаўчан на святкаванне Масленіцы.
Тэатралізаванае мерапрыемства “Шырокая Масленіца” ладзіцца ў музеі з 15 лютага па 2 сакавіка для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. На адну з праграм разам з выхаванцамі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г. Масты трапілі і журналісты раённай газеты.
Дзеянні інтэрактыўнай гульні, у ходзе якой супрацоўнікі музея Марына Сяргееўна Жвірбля і Святлана Уладзіміраўна Рагацэвіч знаёмяць рабят з традыцыямі і абрадамі святкавання Масленіцы ў нашай мясцовасці, адбываюцца ў адным з залаў музея. Тут кожная рэч “дыхае” даўніной, што надае мерапрыемству асаблівы каларыт і напоўненасць. Ды і дзеці – не пасіўныя слухачы, а актыўныя ўдзельнікі цікавага дзейства.
Вось хлопчыкам прапануюць запусціць першую вясеннюю птушку – жаваранка, які сваім звонкім спевам павінен разбудзіць і прывітаць доўгачаканую вясну. А дзяўчынкі дэманструюць уменні ў пляценні кос з ільну. Так нашы продкі калісьці даведваліся пра будучы ўраджай: у каго каса даўжэйшая і прыгажэйшая, у таго і ніва будзе багацейшай.
З цікавасцю маленькія прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва “прымерылі” на сябе і ролі руплівых гаспадароў. Упершыню ім давялося карыстацца ўхватам – прыладай, з дапамогай якой нашы бабулі і дзядулі ставілі ў печ чыгунок. А юныя гаспадынькі заслужылі апладысменты, спрытна валодаючы абручом.
Дружны карагод з вясёлымі песнямі, у які сталі ўдзельнікі мерапрыемства, закліканы не толькі вітаць вясну, але і згуртаваць рабят. А напрыканцы ўсе з апетытам частаваліся смачнымі блінамі – сімвалам сонца, абуджэння прыроды ад зімовага сну, пачаткам новага перыяду жыцця.
На памяць аб наведванні музея хлопчыкі і дзяўчынкі набывалі масленічныя сувеніры ў выглядзе сонейка, якое радасна ўсміхаецца, дорыць добры настрой і россып вяснушак на дзіцячыя тварыкі.
Н.БЯЙДУК
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад