Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш крайНовости МостовщиныЧто? Где? Когда?Беларусь - ЭТО МЫ!Нам есть чем гордитьсяГод качестваГод качества

Музей – сховішча памяці свайго народа

Музей – сховішча памяці свайго народа15 февраля 2024 — 09:55

У музеі час замірае ў той гістарычнай і часовай плоскасці, якой адпавядаюць назапашаныя музейныя прадметы і фонды.

Народ, грамадства, дзяржава, цывілізацыя, праходзячы па гістарычнай лінейцы часу, абавязкова пакідаюць культурныя вехі. Гэты багаж мае тэндэнцыю назапашвацца ў сацыяльных сховішчах памяці – музеях

Адказваючы на пытанні наведвальніка: “Хто я?”, “Адкуль я?”, “Хто побач са мною?”, “Як жылі мае бацькі, дзяды?”, музей дапамагае чалавеку сфарміраваць адчуванне дачынення да свайго народа, да сваёй гістарычнай памяці.

У фондах Мастоўскага дзяржаўнага музея “Лес і чалавек”  на 1 студзеня 2024 года захоўваецца  8896 музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў. З іх  4265 адзінак асноўнага фонду і  4631 адзінка навукова-дапаможнага фонду. Музейныя прадметы і навукова-дапаможныя матэрыялы размяркоўваюцца па дванаццаці калекцыях: “Абразы”, “Археалогія”, “Графіка“, “Жывапіс і скульптура”, “Дакументы і фотаздымкі”, “Друкаваныя выданні”, “Нумізматыка”, “Прадметы побыту”. “Ткацтва”, “Узбраенне”, “Фонапомнікі”, “Чучалы”.

Прыродазнаўчая тэматыка з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў камплектавання фондаў. Напрыклад, калекцыя “Чучалы” налічвае 92 музейныя прадметы і больш  за  200 навукова-дапаможных матэрыялаў.

Цікавай калекцый з’яўляецца  “Ткацтва”.  Яна ўключае ў сябе розныя віды ручнікоў, якія бытавалі на Мастоўшчыне (рознай даўжыні, асаблівасці аздаблення, арнаменту).  Самы стары ручнік вытканы ў 1930 годзе. Таксама ў калекцыі захоўваюцца асобныя элементы жаночага і мужчынскага касцюма, адноўлены жаночы касцюм, які быў зроблены на заказ Мінскім прадпрыемствам “Скарбніца”, посцілкі, дываны, вышываныя карціны і інш.

А музейныя экспанаты калекцыі Прадметы побыту” ў агульных рысах характарызуюць матэрыяльную культуру сялян Мастоўшчыны канца ХІХ–пачатку ХХ ст., іх вытворчую дзейнасць, прамысловыя і рамесныя заняткі, хатні побыт. Значная частка музейных прадметаў калекцыі адлюстроўвае асаблівасці быту жахароў Мастоўшчыны ў даваенны час, у савецкі перыяд, а таксама ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя.

 Таксама на сённяшні дзень у фондах музея знаходзіцца больш за дзвесце адзінак музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў па тэме “Вялікая Айчынная вайна”.  Гэта лісты з фронту, ордэнскія кніжкі, пасведчанні да медалёў, медалі, падзякі, даведкі, характарыстыкі, фотаздымкі, пашпарты, ваенны рыштунак, прадметы побыту таго часу. Найбольш цікавымі артэфактамі па тэме “Вялікая Айчынная вайна” з’яўляюцца пісьмы-трохвугольнікі з фронту, дакументы І.Д.Калашэйнава – аднаго з камандзіраў   партызанскага атрада “Чырвонагвардзейскі“, які базіраваўся ў Ліпічанскай пушчы, чамадан гастарбайтара Зінаіды Дзябёла.

Многія музейныя  прадметы, якія захоўваюцца ў фондах Мастоўскага музея “Лес і чалавек”, з’яўляюцца гонарам раёна, прывабліваюць турыстаў, выклікаюць навуковую цікавасць айчынных і нават замежных спецыялістаў. І асноўная частка з іх з’явілася ў музеі дзякуючы неабыякавым людзям – жыхарам нашага раёна і горада, якія захавалі і перадалі цікавыя прадметы ў наш музей. Так, у мінулым годзе музейныя фонды папоўніліся не толькі ў выніку экспедыцыі супрацоўнікаў музея ў вёскі Курылавіцкага сельскага Савета, але і дзякуючы мастаўчанам Людміле Шалеснай, Юрыю Елісееву, Таццяне Марціноўскай, Аляксандру Глазкову.  Таксама значны ўклад у папаўненне фондаў унеслі ААТ “Мастоўдрэў” і ААТ  “Рагозніцкі крухмальны завод”.

Мастоўскі музей “Лес і чалавек”  звяртаецца з просьбай да ўсіх неабыякавых да захавання памяці і гісторыі нашага раёна людзей папоўніць фонды музея. Калі ў вас захоўваюцца прадметы, якія расказваюць аб гісторыі, жыцці, побыце нашых продкаў, і вы можаце іх бескарысна перадаць у фонды, чакаем вас! Прыносьце рэчы ў музей, нават калі яны вам здаюцца нязначнымі. У знак шчырай удзячнасці мы прапануем наведаць наш музей бясплатна.

Таццяна ЧАРНЯК,

галоўны захавальнік фондаў

УК “Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио