Краязнаўчы музей Курылавіцкага дз/с-СШ хутка адзначыць дваццацігоддзе
У 1993 годзе педкалектыў і вучні школы распачалі мэтанакіраваную пошукавую работу па стварэнні краязнаўчага музея. За невялікі час намаганнямі энтузіястаў быў сабраны інфармацыйны, ілюстрацыйны і дакументальны матэрыял, прыдумана тэматыка далейшай пошукава-даследчай работы вучняў, змест экспазіцый, іх сувязь з адукацыйным працэсам, магчымасцямі фарміравання маральных якасцей і актыўнай жыццёвай пазіцыяй школьнікаў.
Фарміраванню грамадзянска-патрыятычнай і грамадска-палітычнай культуры навучэнцаў адведзена значнае месца ў дз/с-СШ і ажыццяўляецца праз канкрэтныя справы – удзел у рэспуб-ліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Гэта акцыя ўключыла навучэнцаў у пастаянны працэс вывучэння гісторыі і прыроды сваёй Радзімы. Актыў краязнаўчага музея з’яўляецца каардынатарам акцыі. Гурткоўцы зрабілі даследчыя матэрыялы па гісторыі сваёй мясцовасці, распрацавалі маршруты паходаў і экскурсій па родным краі.
Напрыклад, у мінулым навучальным годзе юныя краязнаўцы наведалі старажытны горад Беларусі – Полацк, пабывалі ў горадзе-героі Мінску, абласным цэнтры – Гродне. Запомніцца вучням надоўга двухдзённы паход у горад Ваўкавыск, які арганізавалі і здзейснілі класныя кіраўнікі Т. І. Сідорка, Л. С. Кавалевіч, В. У. Бялуга. У Ваўкавыску наведалі ваенна-гістарычны музей Баграціёна. У музеі школьнікаў уразілі экспазіцыі – “Старажытны Ваўкавыск у X – XIII ст. Барацьба славянскіх народаў з іншаземнымі захопнікамі”, «Войны XX ст.», калекцыя французскага ўзбраення і абмундзіравання.
У школьным музеі праводзяцца ўрокі мужнасці, сустрэчы з ветэранамі, піянерскія зборы, інфармацыйныя гадзіны, пазакласныя мерапрыемствы па роднай літаратуры, гісторыі. Працуе лектарская група, якая правяла наступныя экскурсіі:« Яны дайшлі да Берліна», «Нашы землякі – удзельнікі партызанскага руху», «Беларускае нацыянальнае адзенне», «Побыт нашых землякоў», «Народныя ўмельцы мясцовасці», «Мясцовыя абрады і традыцыі».
Зараз вучні знаходзяцца ў творчым пошуку – рыхтуюць экспазіцыю “Гісторыя школы ў асобах”, прысвечаную 55-годдзю ўтварэння сярэдняй школы. Запісаны ўспаміны настаўнікаў-ветэранаў М. Ф. Сіруць, А. К. Шарай, І. П. Надольніка, Р. Ц. Біч. Дарэчы, настаўнікі-ветэраны – частыя госці ў дз/с-СШ, ды не проста госці, а актыўныя ўдзельнікі выхаваўчага працэсу.
Настаўнікі ўпэўнены, каб з дзяцінства рабяты адчувалі сябе грамадзянамі сваёй краіны, разумелі яе інтарэсы, інтарэсы грамадства, неабходна пачынаць пазнанне свету з таго, што блізка – гісторыі роднага краю. І мы гэта робім. Таму для нашых вучняў паняцці “родны край”, “любоў да малой радзімы”, “патрыятызм” не асацыіруюцца толькі з чырвонымі датамі календара, да якіх трэба тэрмінова падрыхтавацца. Для нас такія даты, як 9 мая, 3 ліпеня – знакавыя, прымушаюць задумацца пра важнасць і значнасць работы, якую праводзім, даследуючы мінулае малой радзімы, вывучаючы гераічны жыццёвы шлях дзеля таго, каб нашчадкі не перарвалі своеасаблівы ланцужок гістарычнай памяці пакаленняў. І мы ўпэўнены, што гэты ланцужок не пера-рвецца. Бо ў нас падрастае дастойнае пакаленне.
М. РУСАК, намеснік дырэктара школы па асноўнай дзейнасці
На здымках: будынак школы; курылавіцкія вучні; у музеі.Фота С. ЗВЯРОВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад