Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСельская жизньСельская жизньСоциумОбщественная жизньСоциумКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Мудрасць і спагада

Мудрасць і спагада26 марта 2025 — 10:00

Наша жыццё – гэта падзеі, важныя і не вельмі, гэта сустрэчы, запамінальныя і мімалётныя, гэта людзі, з якімі нас зводзіць лёс…

Сямнаццатага сакавіка спынілася сэрца чалавека, сустрэча з якім стала для многіх важнай падзеяй і паўплывала на іх лёс. Не стала Міхаіла Сцяпанавіча Пронькі.

Нарадзіўся, вучыўся, жыў, працаваў… За скупымі словамі некралога – цэлае жыццё чалавека, які прысвяціў яго сельскай гаспадарцы, развіццю і станаўленню спачатку  калгаса “Іскра”, затым імя Карбышава, закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы”.

У 1959 годзе прыйшоў на працу аграномам у калгас “Іскра”, тады яшчэ Ваўкавыскага раёна. Цэнтр калгаса размяшчаўся ў вёсцы Радзявічы, якая і стала роднай для Міхаіла Сцяпанавіча на ўсё жыццё. Тут ён сустрэў сваю будучую жонку Алу Хомка, якая жыла ў суседняй вёсцы Дубляны. Тут пабудаваў дом для сваёй сям’і, дзе ўжо ў 1962 годзе нарадзіўся сынок Валера, а ў 1965 годзе – дачушка Аксана. Сям’я заўжды была апорай і падтрымкай, надзейным тылам. Ала Ільінічна стала працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе. Падрасталі дзеці і былі заўсёды гонарам для бацькоў. Сын выбраў для сябе шлях у ваеннай сферы, а дачка па матуліным шляху стала выхоўваць дзяцей.

Узначаліць калгас Міхаілу Сцяпанавічу прапанавалі ў лютым 1964 года. Было яму на той час 27 гадоў. З такога і па нашым часе маладога ўзросту пачаўся шлях кіраўніка, шлях, на якім хапала і пад’ёмаў, і спускаў, шлях даўжынёю ў сорак гадоў. Жыццё ў вёсцы ў тыя гады было зусім іншым: пераважна ручная праца, адсутнасць дастатковай колькасці тэхнікі, нізкія, у параўнанні з цяперашнімі, ураджаі, прывагі і надоі, недахоп грашовых сродкаў. Усё гэта можна было кампенсаваць толькі граматнай арганізацыяй работы, размеркаваннем рэсурсаў, уменнем падбіраць і матываваць на працу кадры. Якраз такія рысы і праявіў малады кіраўнік калгаса. Ужо ў 1968 годзе Міхаіл Сцяпанавіч Пронька быў узнагароджаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Узнагарода ганаровая, але яшчэ лепшым стымулам было тое, што паляпшалася жыццё людзей, якія жылі побач. Для гэтага рамантаваліся і адбудоўваліся вытворчыя памяшканні, укладваліся грошы і ў сацыяльную сферу. Новая двухпавярховая школа, дом культуры, фельшарска-акушэрскі пункт, дом быта, магазін – усё гэта было ў Радзявічах. Будавалася таксама і жыллё для працаўнікоў. З 1969 па 1976 год было пабудавана 16 асобных кватэр і 8-кватэрны жылы дом.

6 студзеня 1976 года суседні калгас “Гудзевічы” быў далучаны да “Іскры”. Работы трэба было пачынаць наноў, бо разам з людзьмі і плошчамі атрымаў Міхаіл Сцяпанавіч і даўгі гаспадаркі, і праблемы, з якімі ўжо сутыкаўся за больш чым дзесяцігоддзе працы на пасадзе старшыні.

Яшчэ адзін іспыт на трываласць прыйшлося прайсці з 1983 года, калі адбылося чарговае ўзбуйненне. У красавіку ўзгаданага года Міхаіл Сцяпанавіч стаў старшынёй калгаса імя Карбышава.

Скончыў свой працоўны шлях М. С. Пронька ў 2004 годзе, пайшоўшы на заслужаны адпачынак з пасады старшыні Назіральнага савета закрытага акцыянернага таварыства “Гудзевічы”, якое было створана ў выніку рэарганізацыі калгаса  імя Карбышава ў 2003 годзе.

Чалавек жыве, пакуль яго памятаюць. А ў памяці застаюцца справы людзей, дзякуючы якім штосьці ствараецца, паляпшаецца, удасканальваецца.

Міхаіл Сцяпанавіч Пронька за час свайго кіраўніцтва зрабіў шмат. Для таго, каб развіваўся калгас, патрэбна было стварыць умовы для работнікаў не толькі на працы, але і ў паўсядзённым жыцці. Вуліца Маладзёжная, Азёрная, Садовая, Сонечная – і зараз тут жывуць сем’і, якія працуюць у сельскай гаспадарцы дзякуючы таму, што своечасова атрымалі жыллё, месца работы. Менавіта дзякуючы клопату старшыні калгаса была пабудавана новая школа ў Гудзевічах, а ў адным з будынкаў старой за кошт гаспадаркі ў 1984 годзе адчынены чатыры залы Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея, які зараз мае статус дзяржаўнага. Выдзяляліся сродкі на правядзенне добраўпарадкавання вуліц, арганізацыю мастацкай самадзейнасці, на культурна-масавыя мерапрыемствы – усё гэта спрыяла развіццю і гаспадаркі, і вёсак, куды прыязджалі маладыя сем’і, каб таксама звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Знакавым для калгаса стала будаўніцтва свінагадоўчага комплекса на 12 тысяч галоў, якое скончылася ў 1989 годзе. У гэтым годзе зноў жа клопатам Міхаіла Сцяпанавіча, які быў да ўсяго іншага і дэпутатам раённага, абласнога, а ў 1980-1985 гадах Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, вёскі Гудзевічы, Радзявічы, Сядзеневічы, Кулёўшчына і часткова Ляткі былі падключаны да прыроднага газу.

Удумлівы погляд, шчырая ўсмешка, мудрасць і спагада – такім помніцца Міхаіл Сцяпанавіч Пронька тым людзям, з кім звёў яго лёс. Той фундамент, які стварыў ён у Гудзевічах, і зараз дае магчымасць развівацца гаспадарцы, таму памяць пра гэтага чалавека захаваецца не толькі на старонках дакументаў і кніг, але і ў сэрцах многіх.

 

 

Кацярына БАСІНСКАЯ, жыхарка аг. Гудзевічы


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио