Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памяти500-годдзе беларускага кнігадрукаванняГод исторической памятиКультура

Мовы друкаванай чароўнае слова

Мовы друкаванай  чароўнае слова18 сентября 2017 — 16:52

Пад такой назвай на днях прайшло пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні ў ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”, удзельнікамі якой сталі вучні старэйшых класаў гімназіі. У ролі вядучых выступілі загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Л.І. Пакаціла і бібліятэкар С.І. Чайкіна.

 

Гэта мерапрыемства праводзілася ў рамках інфармацыйнага тыдня “Гаворым і чытаем па-беларуску” і было прысвечана 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Пачалося пасяджэнне з невялікага экскурсу ў гісторыю мовы, а мова, як вядома, адлюстроўвае гістарычны шлях нацыі. Усе ўдзельнікі сустрэчы пагадзіліся з думкай, што беларуская мова вельмі мілагучная, музычная, гарманічная.


Пасяджэнне праводзілася ва ўтульнай камернай абстаноўцы. Увазе ўдзельнікаў была прапанавана кніжная выстава “З павагай да беларускай кнігі”, дзе былі прадстаўлены кнігі беларускіх аўтараў. Школьнікі з цікавасцю праглядзелі відэафільм “Ф.Скарына. Чалавек сусвету”. Вядучыя імкнуліся прыцягнуць удзельнікаў гасцёўні да актыўнага ўзаемадзеяння, а таму прапанавалі паўдзельнічаць у гульнях “Папацей,грамацей!”, “Пазнай фразеалагізм”, а таксама праявіць сваю эрудыцыю і веданне беларускай класікі ў віктарыне “Пазнай твор па яго пачатку”.


Як сказаў А.Ставер (дарэчы, яго твор “Жураўлі на Палессе ляцяць” быў адказам на адно з пытанняў віктарыны), “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…”. Згодна з гэтай думкай і Надзея Галонская, вучаніца 9 ”А” класа. Дзяўчына марыць стаць менеджэрам па турызме і лічыць, што перш за ўсё патрэбна дасканала ведаць сваю мову, культуру, гісторыю. Яна пераканана, што правядзенне такіх мерапрыемстваў якраз садзейнічае гэтаму і вельмі карысна для школьнікаў:


-- Яно дае магчымасць паглыбіць свае веды. Я, напрыклад, падчас сустрэчы адкрыла для сябе значэнне многіх фразеалагізмаў. Вельмі пазнавальным быў экскурс у гісторыю мовы. Я люблю сваю мову і з’яўляюся пастаяннай удзельніцай алімпіяд і навуковых канферэнцый. Так, на навуковай канферэнцыі ў Гродне я прадставіла работу “Літаратурная палітра Мастоўшчыны” і заваявала прызавое месца. Упэўнена, што ўдзел у такіх пасяджэннях таксама пашырае кругагляд, дапамагае набыць новыя веды.


Вучань 7 ”Б” класа Дзяніс Нічыпаровіч – пастаянны наведвальнік бібліятэкі. Адзначае, што фільм пра беларускага першадрукара глядзеў ужо не першы раз, але зноў застаўся пад моцным уражаннем:


-- Я вельмі ўдзячны арганізатарам, што праводзяцца такія мерапрыемствы. Цікава было праверыць свае веды ў віктарыне. А найбольш спадабалася наглядная гульня “Пазнай фразеалагізм”, у такой займальнай форме ўдалося паглыбіць свае веды.
Бягучы год праходзіць пад знакам юбілейнай даты 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. У бібліятэках раёна праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай тэматыцы. І пасяджэнне літаратурна-музычнай гасцёўні адно з іх.

В.ЦІШКО


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио