Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжьНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости Мостовщины

Мова родная – мова модная

Мова родная – мова модная23 февраля 2022 — 09:33

Хто не шануе родную мову,

той не шануе сябе самога,

ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў,

якія той жа мовай гаварылі”.

Вацлаў Ластоўскі

Кожны год 21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны кожнага народа. Мы,  беларусы, павінны раз і назаўсёды запомніць словы нашых класікаў, якія кожны па-свойму гаварылі пра тое, што народ, які страціць сваю мову, згіне назаўсёды. Таму наша задача – рабіць ўсё дзеля таго, каб наша родная беларуская мова жыла і праяўлялася ва ўсіх баках нашага жыцця: не толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў школе, не толькі на беларускамоўных каналах радыё і тэлебачання, але і ў паўсядзённым жыцці.

З 19 па 28 лютага ва ўстанове адукацыі “Лунненская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” праводзіцца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад дэвізам: “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску”. Тыдзень роднай мовы распачаўся ў школе 19 лютага ў шосты школьны дзень з пазнавальнай гульні “Мова родная – мова модная”. Падчас гульні дзве зборныя каманды вучняў 6-9 класаў “Васількі” і “Рамонкі” не толькі яшчэ раз узнавілі і пашырылі свае веды па беларускай мове, але і з задавальненнем акунуліся ў свет беларускай музыкі, у свет паэтычнага беларускага слова, прагледзелі работы вучняў, якія сталі пераможцамі ў раённых і абласных  конкурсах чытальнікаў паэзіі.

Вучні пачатковых класаў з задавальненнем прынялі ўдзел у КВіЗе “Гучы, роднае слова!” Маленькія ўдзельнікі мерапрыемства паказалі свой творчы падыход і неабыякавасць да конкурсных заданняў. Ім было вельмі цікава праявіць сябе ў веданні літарутурных казачных персанажаў, яны з захапленнем адгадвалі загадкі і мелодыі беларускіх песень.

21 лютага дзень пачаўся з урачыстага аб’яўлення акцыі “Гавары са мной па-беларуску”. Вучні 10 класа пасля першага ўрока абышлі ўсе класы школы і павіншавалі вучняў са святам і нагадалі, што ў школе праводзіцца акцыя “Гавары са мной па-беларуску” і што ўсіх чакаюць на агульнашкольную лінейку, прысвечаную  Дню роднай мовы. 

Урачыстая лінейка стала для вучняў школы яшчэ адным напамінкам пра тое, што веданне і валоданне роднай мовай – гэта самы важны абавязак кожнага беларуса. На лінейцы выступіў дырэктар школы В.М. Чэрнік, які падкрэсліў, што веданне роднай мовы, ужыванне яе ў паўсядзённым жыцці – гэта неад’емная частка развіцця нашага грамадства, нашай краіны. Намеснік дырэктара на выхаваўчай рабоце Л.У. Эйсмант падкрэсліла, што ў Год гістарычнай памяці, якім аб’яўлены ў Беларусі 2022 год, вельмі важна помніць пра сваю родную мову, таму што мова – гэта не толькі сродак інфармацыі, але і  самая важная адметнасць кожнага народа, “мова – гэта адзенне душы”. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры А.В. Лука нагадала ўсім прысутным крылаты выраз Францішка Багушэвіча “Шануйце сваю мову, каб не ўмёрлі”, каб яшчэ раз падкрэсліць, што без мовы няма народа, няма нацыі. А верш, які прачытала Янчэўская Паліна “Пагавары са мной на роднай мове…”, заклікаў вучняў любіць і шанаваць роднае беларускае слова,  і самае галоўнае – размаўляць па-беларуску.

Акрамя таго, 21 лютага настаўнікі, работнікі школы прынялі  ўдзел у Гродзенскім абласным дыктанце, каб не толькі праверыць свае веды па беларускай мове, але і яшчэ раз адчуць сябе вучнямі і задумаца аб тым, як важна ведаць сваю мову.

На працягу тыдня  ва ўстанове адукацыі будзе працягвацца акцыя “Чытаем класікаў разам”, якая таксама паспрыяе абуджэнню цікавасці да нашай беларускай мовы.

Я хачу нагадаць усім нам, што мы беларусы, і гэта гучыць годна, таму давайце будзем помніць, што модная мова – гэта родная мова. Давайце дадзім рускай мове разгрузку і будзем размаўляць па-беларуску!                                                           

Алена Лука,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Луннеская сярэдняя школа

імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио