«Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за іх родную мову». Гэтыя радкі належаць вядомаму класіку беларускай літаратуры Якубу Коласу.
Сапраўды, на працягу многіх пакаленняў даказана, што мова – духоўны скарб народа. Мова жывая, пакуль на ёй гавораць.
Дзень роднай мовы – нагода яшчэ раз кожнаму задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай. Міжнародны дзень роднай мовы быў заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага.
Кожны год у дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза Васілія Пятровіча Жукава» праходзяць цікавыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы. А пачынаюцца яны традыцыйна ў школьнай бібліятэцы, дзе на працягу ўсяго тыдня загадчыкам бібліятэкі Таццянай Москаль ладзяцца тэматычныя выставы і праводзяцца інтэрактыўныя гульні. А пазітыўны настрой вучням і настаўнікам на працягу тыдня ствараюць музычныя перапынкі “Цяпло роднага слова”.
Незабыўныя эмоцыі атрымалі вучні пачатковых класаў ад прагляду беларускамоўных мультфільмаў. Мульціманія па-беларуску “Беларускія мультфільмы: Дыснею не снілася”, пад такім загалоўкам прайшло мерапрыемства для малодшых школьнікаў. З вялікай радасцю і азартам разгадвалі “Загадкі з роднай хаткі” вучні 4 класаў.
Мерапрыемства «Гучы, мая родная мова!» стала сапраўдным святам для вучняў 5 класаў. Гучалі вершы на роднай мове, вучні называлі самыя прыгожыя і пяшчотныя беларускія словы. А вучні 6 класаў пазнаёміліся з залацінкамі роднай мовы: фразеалагізмамі, прыказкамі і прымаўкамі.
Культуралагічная віктарына “Скарбонкі мудрасці” захапіла сваёй цікавасцю і непаўторнасцю. Дакрануцца сэрцам да роднага слова і адчуць яго мілагучнасць вучні 7 класаў змаглі падчас інтэрактыўнай гульні “Знаўцы роднай мовы”.
У час правядзення конкурснай праграмы “Фэст: фальклор, этнаграфія, спадчына, традыцыі” вучні дапоўнілі і паглыбілі свае веды па этнаграфіі, гісторыі і культуры беларускага народа.
Для вучняў 9-11 класаў была арганізавана сустрэча з паэтэсай Галінай Васілеўскай. Сустрэча прайшла пад дэвізам “Таленты роднай зямлі”. Вучні атрымалі асалоду ад чытання вершаў на роднай мове.
Сваю крэатыўнасць паказалі вучні старэйшых класаў у творчым конкурсе “Дызайн па-беларуску” (стварэнне вокладкі любімага твора). Вучні 11 класаў прынялі ўдзел у чэленджы “Радзіма ў маім сэрцы”, з натхненнем чыталі радкі класікаў беларускай літаратуры.
Кульмінацыяй свята стала напісанне абласнога дыктанта, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы, у якім прынялі ўдзел і вучні, і настаўнікі.
Усе мерапрыемствы, якія прайшлі ў рамках свята, несумненна, развіваюць пазнавальную актыўнасць вучняў; спрыяюць захаванню сваёй гісторыі і культуры; прывіваюць любоў да роднай мовы, выхоўваюць пачуццё патрыятызму, грамадзянскасці, талерантнасці.
Таццяна КАЛЕСНІКАВА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА“Сярэдняя школа № 2 г. Масты імя Героя Савецкага Саюза Васілія Пятровіча Жукава”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад