Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньНаука и образованиеНаука и образованиеНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Мова – гэта ключ да дзвярэй у свет…

Мова – гэта ключ да дзвярэй у свет…29 января 2023 — 08:30

Многія бацькі, аддаючы дзяцей у 1 клас, думаюць аб тым, якую мову навучання выбраць, бо такую магчымасць дае наша дзяржава ва ўмовах двухмоўя. Яны раяцца з сябрамі і знаёмымі, чытаюць пра навучанне на беларускай мове ў газетах і часопісах, у сетцы Інтэрнэт, хочацца ж не памыліцца з выбарам!

І  бацькоў можна зразумець: кожны хоча для свайго дзіцяці лепшага. Так было і з бацькамі сённяшніх першакласнікаў. Многія, пачуўшы на бацькоўскім сходзе, што можна вучыцца і ў беларускамоўным класе, задумаліся: якую мову для навучання выбраць, ці складана гэта для першакласніка, ці справіцца ён з праграмай і нагрузкай…

Узважыўшы ўсе “за” і “супраць”, усё ж такі некаторыя паспрабавалі. 1 верасня ў 1 “Б” клас з беларускай мовай навучання гімназіі было залічана 9 першакласнікаў. Адаптацыя патрэбна была ўсім: і шасцігодкам, і іх бацькам, і нават іх настаўніку.

– Безумоўна, была трывога: маючы трыццацігадовы педагагічны стаж, не давялося працаваць у класе з выкладаннем прадметаў на беларускай мове. Новая праграма, новы падыход да навучання чытанню. Але зараз усе сумненні і страхі прайшлі. Калі я бачу на ўроках дапытлівыя і цікаўныя вочы сваіх вучняў, ласкавыя і падзячныя ўсмешкі іх бацькоў, назіраю за поспехамі свайго класа, застаецца толькі радавацца, што ўсё атрымалася, – расказвае Марына Тупякова, настаўнік 1 “Б” класа.

Па-асабліваму прыемна заходзіць у 1 “Б” і чуць мілагучнае беларускае

 слова. “Добры дзень”, – вітаюцца дзеці. “Заходзьце, рады вас бачыць,” – гучыць у адказ. Нібы апынуўся ў казачнай атмасферы: “дзякуй”, “калі ласка”, ”прабачце”… Так і ўспамінаецца выказванне Кастуся Кірэенкі: ” Якія цікавыя назвы і словы, якая цудоўная родная мова!”. І гэта сапраўды так. А калі нашы дзеці змалку, яшчэ з дашкольнай установы, а затым у школе будуць чуць словы роднай матчынай мовы, размаўляць на ёй, ведаць і не саромецца гаварыць, то абавязкова адчуюць і зразумеюць, якая яна прыгожая і меладычная. Яна стане спадарожніцай для маленькіх беларусаў на ўсё жыццё, калі з 1 класа адчыніць ім дзверы  ў свет ведаў, у свет жыцця.

У гэтым упэўнены і бацькі нашых вучняў.

– Патрэбна, каб дзіця ведала сваю родную мову, таму мы  і аддалі дачку ў гэты клас. Канешне, сумняваліся ў правільнасці рашэння, але зараз вельмі задаволены поспехамі Алісы, яе жаданнем і ахвотай вучыцца па-беларуску, – выказвае свае думкі Ірына Акімава.

– Я вельмі люблю родную мову, таму вырашыла, што і мая дачка з маленства павінна навучыцца размаўляць па-беларуску, каб ведаць і шанаваць сваю спадчыну. Я задаволена, што з кожным днём яе слоўнікавы запас павялічваецца, і ўпэўнена, што з выбарам беларускамоўнага класа мы не памыліліся, – дадае Наталля Галавач, маці Арсеніі.   

– Беларуская мова дапамагае дзіцяці думаць нестандартна, дысцыплінуе яго да пазнання новага. Упэўнена, што калі настаўнік вопытны і нераўнадушны, як наша Марына Міхайлаўна, то любыя цяжкасці можна пераадолець, – задаволена вынікамі навучання сына Максіма і Наталля Нічыпаровіч.

Хрысціна Лазута першай, як толькі пачаўся прыём, падала заяву ў аб навучанні дачкі Анастасіі на беларускай мове, зараз радуецца яе поспехам у навучанні і ганарыцца сваёй дачушкай.

– Мы не сумняваліся, што зрабілі правільны выбар. Паспяхова прайшла адаптацыя, і цяпер застаецца толькі радавацца дасягненням дачкі, назіраць, як яна дапытліва крочыць па краіне ведаў, а дапамагае ёй у гэтым родная мова, – дзеліцца ўражаннямі  Хрысціна Валер’еўна.

Задавальненне адчуваецца і ў словах Кацярыны Лазуты, яе сын Іван таксама вучыцца ў 1 “Б” класе і  пазнае навуку на беларускай мове.

– Я вельмі рада, што ўсё атрымалася, і  спадзяюся, што  ў старэйшых класах мова навучання застанецца той жа. Мы – беларусы,  і мова наша – беларуская, яе трэба ведаць, каб размаўляць на ёй і любіць сваю Радзіму, – дадае Кацярына Мікалаеўна.

Вось вам і адказ, паважаныя бацькі першакласнікаў 2023 года, калі хто яшчэ думае, ці выбраць для навучання беларускую мову. Калі і будуць цяжкасці, вопытныя настаўнікі дапамогуць вашым дзецям і вам іх пераадолець. І тады наша родная, беларуская мова, стане нашым дзецям тым ключом, які дапаможа атрымаць не толькі веды, але і пазнаць свет, каб стаць затым сапраўдным паважаным Чалавекам.

Валянціна БЯРОЗАВА,

намеснік дырэктара ДУА “Гімназія №1 г. Масты”


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио