Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай работы, работы ў шосты школьны дзень ва ўстанове адукацыі.
17 снежня, у шосты школьны дзень, вучні Азёркаўскай, Курылавіцкай і Мілявіцкай сярэдніх школ правялі мітынг-рэквіем, прысвечаны сумнай даце – 80-годдзю карнай аперацыі ў в. Шчара. У гэты дзень, 17 снежня 1942 года, адбылася страшная трагедыя – фашысцкія карнікі спалілі вёску Шчара і загубілі яе жыхароў. У агні загінула 85 мірных, ні ў чым не павінных людзей. Мітынг сабраў вучняў, кіраўніцтва і педагогаў школ, прадстаўнікоў КСУП “Азяранскі” ля памятнага знака – брацкай магілы савецкіх воінаў і ахвяр фашызму. На могілках пахаваны воіны і мірныя жыхары, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Гэта месца болю, які ніколі не зажыве. Падчас правядзення мітынгу вучні яшчэ раз нагадалі аб зверствах, нечалавечай жорсткасці фашыстаў, аб якіх даведаліся з успамінаў старажылаў.
У цішыні зімовага лесу раздаўся гук метранома. У памяць аб загінуўшых мірных жыхарах в. Шчара, рабяты схілілі галовы, усклалі кветкі, запалілі лампадкі. Цёплы агеньчык лампадкі, як сімвал нязгаснай памяці, грэў рукі і сэрцы падлеткаў, чырвоныя гваздзікі, як трагічны сімвал жалобы, увасаблялі боль вайны і мужнасць, з якімі людзі перажылі страшныя, цяжкія дні. З гонарам піянеры аддалі салют падчас хвіліны маўчання…
Вучні школы з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў, прысвечаных знакавым падзеям, датам. Яны не могуць заставацца ўбаку, быць абыякавымі да гісторыі свайго краю. Адно – чытаць, чуць аб якой-небудь падзеі, і зуcім іншае – пабыць на гэтым свяшчэнным месцы, адчуць боль і жах, перажыты жыхарамі. Здаецца, што ад свайго бяссілля, страху фашысты здзекаваліся з нашага народа, вялі палітыку генацыду. Гледзячы на рабят падчас правядзення такога мерапрыемства, з гонарам можна сказаць, што захаванне гістарычнай памяці для нашых вучняў – гэта і клопат аб будучым. Сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты ведаюць, што подзвіг народа бессмяротны, урокі мінулага трэба памятаць, гістарычную праўду, памяць перадаваць з пакалення ў пакаленне.
Таццяна ХАЛЕЦКАЯ, намеснік дырэктара
ДУА “Азёркаўская сярэдняя школа”
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале
Подписывайтесь по ссылке
#дети #память #Озёрки #школа #патриотизм #Мостовщина
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад