
Напярэдадні ХХХII Дня беларускага пісьменства былі падведзены вынікі абласнога конкурсу бібліятэчнага дэкору “Кніжнае залюстроўе”.
Гэты конкурс стаў адной з самых творчых падзей 2025 года. Да ўдзелу ў ім было пададзена 35 заявак у дзвюх намінацыях.
У намінацыі “Кніжная вітрына: літаратура ў скрынцы” першае месца заваявала ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка” за літаратурную кампазіцыю “Палескія рабінзоны” паводле аповесці Я. Маўра. Літаратурная вітрына была створана мастаком-афарміцелем Наталляй Кісялёўскай.
Да конкурсных матэрыялаў прад’яўляліся высокія патрабаванні. Акрамя таго, што яны павінны былі быць кампактнымі, мець трывалую рамку ці падвешванне, неабходна было творча, з мастацкім увасабленнем аформіць літаратурны твор, зрабіць яго вядомым. Як адзначылі члены журы, кожны ўдзельнік прадэманстраваў арыгінальны падыход да інтэрпрэтацыі літаратурных твораў, што зрабіла кожную працу ўнікальнай. Высокая якасць выканання сведчыць аб майстэрстве спецыялістаў бібліятэчнай сферы і адкрывае новыя грані знаёмых твораў.
Вы толькі паглядзіце, што атрымалася ў Наталлі Юр’еўны! У невялікай скрынцы змясціўся цэлы твор Янкі Маўра. Перад вамі адкрываецца цудоўны свет беларускай прыроды. Напэўна, Янка Маўр доўга яе вывучаў або сам неблагі батанік і заолаг, бо менавіта такія захапленні ў Віктара і Мірона – герояў “Палескіх рабінзонаў”. Вавёрка-ляцяга, паводзіны мядзведзя, рэдкія віды раслін... Гэта проста падручнік па прыродазнаўстве! Гледзячы на мядзведзя або лася, здзіўляешся, як дакладна мастачка перадала не толькі знешні выгляд жывёл, але і іх характар. Так і здаецца, што вось-вось з кустоў з'явіцца цікаўны дзік або з-пад ног выскачыць заяц.
- Твор выбіралі ўсім калектывам бібліятэкі. Хацелася падтрымаць тэму мерапрыемства, на якім будуць дэманстравацца працы - "Дзень беларускага пісьменства". Таму і аўтар быў абраны беларускі. Твор "Палескія Рабінзоны" падаўся прыдатным для таго, каб паказаць прыгажосць і разнастайнасць беларускай прыроды і расказаць пра прыгоды двух хлопчыкаў. Як я заўважыла пазней, на самым свяце, дзяцей сапраўды вельмі прывабілі фігуры жывёл. Каля працы заўсёды можна было ўбачыць групу дзетак, якія з цікавасцю разглядалі і бурна абмяркоўвалі фігуркі. На падрыхтоўку да конкурса было патрачана паўтара месяца і пачалася праца вядома ж з дасканалага вывучэння твора, - дзеліцца Наталля.
У працы выкарыстоўваліся лісты кнігі з беларускімі апавяданнямі, дрот, вата, фальга, празрысты пластык, акварэльныя і акрылавыя фарбы. Самі фігуркі жывёлаў гэта па сутнасці ватныя цацкі, якія многія рабілі ў дзяцінстве, напрыклад як фігуркі на ёлку. Каркас з дроту абмотваецца фальгой для наданне фігурцы аб'ёму, а затым абклейваецца самай звычайнай ватай. Мордачкі і лапкі злеплены з палімернай гліны. Фігуркі размаляваныя акрылавай фарбай.
Дарэчы Наталля Юр’еўна таксама стала аўтарам-афарміцелем некалькіх фотазон. Напрыклад, дуб ля раённай бібліятэкі з мудрай савой таксама яе рук справа, а яшчэ фотазона ў Гудзевіцкай сельскай бібліятэцы, мурал у філіяле “Рагозніцкая сельская бібліятэка”.
За што не возьмецца мастачка – усё ў яе атрымоўваецца. Пажадаем і надалейшых перамог у творчых конкурсах.
Ірына БОЧКО
Фота раённай бібліятэкі
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад