Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизньСоциумКультураСоциумВ трудовом коллективеБлоги наших журналистовНаталья ШевчикНовости МостовщиныНаш крайЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей МостовщиныБеларусь - ЭТО МЫ!Беларусь - ЭТО МЫ!

Мост да памяці і адзінства – праца калектыву Мастоўскай раённай бібліятэкі ацэнена на высокім дзяржаўным узроўні

Мост да памяці і адзінства – праца калектыву Мастоўскай раённай бібліятэкі ацэнена на высокім дзяржаўным узроўні09 января 2026 — 10:39

Мастоўская раённая бібліятэка ў ліку десяці калектываў краіны ўдастоена спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі дзеячам культуры і мастацтва. Высокая ўзнагарода прызначана за значны ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, рэалізацыю інавацыйнага літаратурнага праекта “Кнігі будуюць МАСТЫ”.

Добрая традыцыя

8 студзеня 2026 года ў Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва за значныя дасягненні ў галіне музычнага, тэатральнага, кінематаграфічнага, дэкаратыўна-прыкладнога і харэаграфічнага мастацтва, бібліятэчнай справы, навучання і выхавання творчай моладзі, а таксама спецыяльных прэмій “Беларускі спартыўны Алімп”.

Падтрымка перспектыўных праектаў і таленавітых людзей у Беларусі – заўсёды прыярытэт. За гэтым будучае. У нашай краіне гэта ўжо добрая традыцыя: пачынаць новы год са слоў удзячнасці за працу ў адрас тых людзей, якія сваю работу лічаць не проста справай, а сэнсам жыцця.

Да лаўрэатаў звярнуўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які павіншаваў з заслужанай і абсалютна ўнікальнай узнагародай. Яна ўручаецца штогод за тое, што “зроблена па закліку сэрца, не напаказ, у імя мастацтва, не на продаж”.

Беларускі лідар падкрэсліў, што словы “духоўнасць” і “культура” цесна ўзаемазвязаны. “Культура – гэта пульс жыцця, жыцця нашага народа. Калі мы захоўваем матэрыяльную, творчую, духоўную спадчыну продкаў – у нас ёсць гісторыя. Калі ёсць што захоўваць – значыць, ёсць народ, ёсць дзяржава. Простыя ісціны. І дзякуй усім, хто іх ажыццяўляе – беражэ гістарычную памяць, культуру, духоўныя каштоўнасці”, – сказаў Прэзідэнт.

Дыплом лаўрэата спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва з рук Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі атрымалі дырэктар Мастоўскай раённай бібліятэкі Таццяна Стэльмах і загадчык аддзела Таццяна Ярашук.

Адзначым, што яшчэ да цырымоніі ўзнагароджвання на арганізаванай выставе кожны ўдзельнік мерапрыемства мог даведацца пра праекты, што былі ўдастоены высокіх узнагарод. Значным попытам карысталася экспазіцыя Мастоўскай раённай бібліятэкі, якую прадстаўлялі загадчык сектара культуры Анастасія Палуйчык і намеснік дырэктара бібліятэкі Вольга Бісерава.

Пазнаёміліся з унікальным бібліятэчным праектам прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Круты, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергеенка, міністр культуры Руслан Чарнецкі і інш.

Асабіста павіншаваў калектыў Мастоўскай раённай бібліятэкі з прызнаннем на дзяржаўным узроўні губернатар Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, які прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі.

Шмат прыемных эмоцый выклікаў святочны канцэрт майстроў мастацтва “Натхнёны свет Раства – свет Любові, Надзеі і Дабра”, у якім прыняла ўдзел юная мастоўская зорачка Сафія Працко.

Кнігі будуюць МАСТЫ

Назва інавацыйнага літаратурнага праекта “Кнігі будуюць МАСТЫ”, які з лёгкай рукі былога супрацоўніка раённай бібліятэкі Надзеі Навагродскай паспяхова рэалізуецца калектывам з 2018 года, у жыхароў Мастоўшчыны набыла асаблівы сэнс. Ініцыятыва аб’яднала моладзь і дарослых вакол значных патрыятычных праектаў і паказала, што кніга – гэта не толькі крыніца ведаў, але і мост да памяці і адзінства.

– Наш праект – гэта погляд на гісторыю і культуру свайго краю праз сучасныя інтэрактыўныя формы і інфармацыйныя тэхналогіі, гэта магчымасць данесці да падрастаючага пакалення пачуцці патрыятызму і гонару за свой народ, гэта атмасфера любові і разумення беларускай літаратуры і культуры, энергетыка творчага пошуку, адказнасці і ўдумлівых адносін да працы ўсяго калектыву раённай бібліятэкі, – падкрэслівае дырэктар установы Таццяна Стэльмах.

Кожны з трох накірункаў дзейнасці праекта – выставачная, віртуальная ці інтэрактыўна-асветніцкая – гэта вынік удумлівай працы, сумеснай крэатыўнай думкі і цікавая падача, каб было пазнавальна і не сумна.

Патрыятызм у дзеянні

Так, напэўна, кожны мастаўчанін пазнаёміўся з інтэрактыўнай інсталяцый “Сцяна памяці”, што была створана бібліятэкарамі да юбілею Вялікай Перамогі і дэманстравалася ў цэнтры горада. Шэсць кінастужак з 48-ю кадрамі павялічаных арыгінальных фотаздымкаў часоў Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Мастоўскага раёна – што можа расказаць пра падзеі мінулых часоў лепш?!

А папярэднічала гэтаму вялікая пошукавая работа супрацоўнікаў бібліятэкі. Яны наведалі больш за дзесяць краязнаўчых музеяў, вялі работу з архівам раённай газеты і асабістымі архівамі жыхароў раёна.

Не меншую цікавасць выклікаюць і краязнаўчыя базы дадзеных “Сцежкамі Мастоўскага краю” і “Літаратурная карта Мастоўскага раёна”, інтэрактыўны рэсурс “Гонар маёй вёскі”, дзе размешчана больш за 450 запісаў аб гісторыі горада і сельскіх населеных пунктаў, знакамітых асобах рэгіёна, чый жыццёвы і творчы шлях цесна звязаны з Мастоўшчынай.

Важным крокам на шляху захавання гістарычнай праўды і памяці стала стварэнне базы дадзеных “Далёкай мужнасці памяць”, якая знаходзіцца ў свабодным доступе на сайце бібліятэкі. Ужо больш за 13 тысяч чалавек скарысталіся яе рэсурсам.

– Гэта рассакрэчаныя архіўныя дакументы пракуратуры, унікальная інфармацыя аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на Мастоўшчыне, звесткі аб ураджэнцах раёна, чый лёс абпаліла вайна, – тлумачыць Таццяна Стэльмах. – Важным лічу той факт, што праект “жывы” – людзі пішуць і тэлефануюць, дзеляцца сямейнымі архівамі, успамінамі родных і фотаздымкамі, звяртаюцца за дапамогай у пошуку і ўдакладненні інфармацыі пра родзічаў.

Праект “Далёкай мужнасці памяць” у 2024 годзе стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі.

І дзецям, і дарослым

Яшчэ адным з прыкладаў паспяховай пошукава-даследчай дзейнасці калектыву бібліятэкі з’яўляецца стварэнне летапісу Свята-Пакроўскай царквы вёскі Бялавічы, якая ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Вынікам гэтай карпатлівай працы стала выданне кнігі, якая ўбачыла свет у 2024 годзе.

Для самых маленькіх і дапытлівых сваіх наведвальнікаў бібліятэка прапануе ўнікальны інтэрактыўны гід “Гісторыі з кніг ажываюць у тэатры ценяў”. У рэпертуары тэатра налічваецца 12 спектакляў – інсцэніровак народных казак, пастановак патрыятычнай тэматыкі, гледачамі якіх сталі звыш трохсот юных мастаўчан. За дадзеную праектную работу летась бібліятэка стала пераможцам XXXIII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы”.

А лагічным працягам дадзенай дзейнасці стала рэалізацыя новага праекта “Беларуская народная казка: традыцыі і наватарства”. Хіт-парад беларускіх казак, сустрэчы з пісьменнікамі-казачнікамі, конкурс на лепшага казачніка, квэст-гульні, цыкл падарожжаў у казку з мядзведзем Міхасём, дзень батлейкі, фестываль “Казка.by” – гэтыя і многія іншыя інтэрактыўныя мерапрыемствы садзейнічаюць далучэнню дзяцей да сучаснай і народнай творчасці, традыцый і звычаяў беларусаў.

І гэта далёка не ўсё, пра што можна расказаць і чым можа ганарыцца калектыў Мастоўскай раённай бібліятэкі – культурнага цэнтра, асветніцкай установы, інфармацыйнай платформы і прасторы для інтэлектуальнага і творчага развіцця насельніцтва раёна.

З першых вуснаў

Таццяна СТЭЛЬМАХ,

дырэктар Мастоўскай раённай бібліятэкі:

– Атрымаць такую высокую ацэнку сваёй дзейнасці і ўзнагароду з рук Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі – гэта вельмі прыемна, ганарова і адказна. Разам з эмоцыямі радасці і гонару адначасова адольваюць думкі аб тым, як гэты высокі ўзровень падтрымаць у далейшым. Вельмі рада за наш калектыў, дзе працуюць спецыялісты сваёй справы, ініцыятыўныя, крэатыўныя і адказныя прафесіяналы. Любы поспех – гэта сумесная калектыўная работа. Таму ўдзячна кожнаму за дастойны ўклад у агульную справу.

Вялікі дзякуй  кіраўніцтву вобласці і раёна, якое нас заўсёды падтрымлівае. Удзячны за разуменне і садзейнічанне. Мне, як кіраўніку, імпануе, што, маючы камфортныя ўмовы для працы і творчасці, калектыў бібліятэкі паспяхова развіваецца, расце і заваёўвае новыя вяршыні.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио