22 чэрвеня каля помніка загінуўшым землякам настаўнікі і вучні Пескаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы, якія працуюць у брыгадзе, правялі патрыятычную працоўную акцыю “Памяць пакаленняў”. Падмялі дарожкі, вырвалі пустазелле, прапалолі клумбы, прыбралі завянуўшыя кветкі, падстрыглі кусты.
Помнік – гэта даніна павагі да подзвігу тых, хто на франтах адстойваў свабоду і незалежнасць нашай Айчыны, абараняў родных і блізкіх у ваенны час. Гэта даніна павагі нашым продкам, дзякуючы якім мы жывём, працуем і радуемся жыццю. Усё далей сыходзіць Вялікая Айчынная вайна, і людзей, якія памятаюць пра гэтыя падзеі, амаль не застаецца. А помнікі засталіся і з’яўляюцца памяццю для падрастаючага пакалення.
Пасля працоўнай акцыі правялі мітынг-рэквіем “Моладзь памятае”. Мы гаварылі аб тым, што цяжка знайсці ў Беларусі месца, дзе Вялікая Айчынная вайна не пакінула крывавы след. Мастоўшчына не стала выключэннем. За абарону пескаўскай зямлі 23 чэрвеня 1941 года аддалі сваё жыццё 10 воінаў 106-га мотастралковага палка 29-й мотастралковай дывізіі 6-й механізаванай калоны 10-й арміі Заходняга фронту. Мы помнім пра кожнага, хто аддаў сваё жыццё за нас, за мірнае неба. На мітынгу гаварылі аб тым, што на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанскіх атрадах змагаўся 61 жыхар вёскі Пескі, што за гады вайны гітлераўцамі было забіта 8 мірных жыхароў, 18 чалавек загінулі на фронце, што самым страшным у ваеннай гісторыі Песак стаў лістапад 1942 года, калі фашысцкія акупанты вывезлі каля 2 000 яўрэяў, якія да вайны пражывалі ў Песках, а 23 чалавекі былі спалены жывымі. Успомнілі сям’ю Красько-Рудзяк, расстраляную нямецка-фашысцкімі акупантамі ў 1943 годзе.
Запалілі лампады, усклалі кветкі і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць пра нашых землякоў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы моўчкі стаялі і думалі аб тым, што яны жылі на гэтай жа зямлі, глядзелі ў гэтае ж неба, любілі краявіды роднага краю, што і мы. Мы памятаем і ніколі не забудзем слаўных абаронцаў Радзімы, якія адстаялі родную зямлю, ганарымся мужнасцю, гераізмам, непахіснасцю салдат і афіцэраў.
Штогод мы прыводзім у парадак помнікі загінуўшым землякам і ахвярам Халакоста, а потым перададзім вахту памяці наступнаму пакаленню. Гэту вахту нам перадалі нашы бацькі. Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым! Пакуль жывая памяць – жывыя і мы! Шануйце тое, што маеце, беражыце сябе і блізкіх, з удзячнасцю і цеплынёй душы ўспамінайце подзвігі нашых герояў, з любоўю і радасцю сустракайце кожны свой мірны дзень!
Галіна ГАЛАВЕНКА,
класны кіраўнік 10 класа
Пескаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад