Сустраемся з Ліліяй Іосіфаўнай у музеі, дзе можна акунуцца ў мінулае.
– Пасля вучобы ў Гродзенскім педагагічным вучылішчы (зараз гэта гуманітарны каледж) я пачынала сваю працоўную дзейнасць настаўнікам пачатковых класаў у в. Злобаўшчына Ваўкавыскага раёна. Менавіта тут сустрэла сваё каханне, сваю другую палавінку – мужа Уладзіміра. Вырашаючы жыллёвыя пытанні, мы пераехалі ў Гудзевічы, дзе муж уладкаваўся на працу ў гаспадарку. А я з лёгкай рукі Ірэны Адольфаўны Жукоўскай на працягу 16 гадоў загадвала мясцовай бібліятэкай. У гэты ж перыяд закончыла завочнае аддзяленне Гродзенскага каледжа мастацтваў па спецыяльнасці “Бібліятэчная справа”. Па жыцці мне заўсёды шчасціць на добрых і цікавых людзей, – распавядае Лілія Іосіфаўна.
З Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеем лёс звязаў нашу суразмоўцу ў 2018 годзе, дзе яна сустрэла апантаных сваёй справай калег-аднадумцаў. З тых самых пор старэйшы навуковы супрацоўнік актыўна займаецца навуковай апрацоўкай экспанатаў музея, распрацоўкай мерапрыемстваў і экскурсій, выстаў і экспазіцый. Тут прапануюць наведвальнікам не “застылую” гісторыю: у музеі ладзяць народныя святы і абрады, запрашаюць на анімацыйныя праграмы з варыянтамі інтэрактыву.
– Мінулым летам у Гудзевічах, дзякуючы сумесным намаганням музейшчыкаў, раённага цэнтра культуры і абласнога навукова-метадычнага цэнтра, адбыўся “Гудзевіцкі тэкстыльны фэст”, госці якога мелі магчымасць пазнаёміцца з унікальнымі традыцыямі ткацтва на Гродзеншчыне.
У рамках свята прайшла прэзентацыя ручніка Гродзенскай вобласці, які складаецца з 17 частак, вышытых рукамі майстрых і злучаных у 20 метраў незвычайнага, хоць і традыцыйнага вырабу. Канешне ж, кожны жадаючы на праведзенай летняй школе “Майстэрня падвойнага ткацтва” мог паспрабаваць сябе ў якасці ткачыхі і набыць пэўны вопыт у гэтым рамястве, – расказвае Лілія Іосіфаўна.
Не заціхае насычанае творчае жыццё ў музеі і з прыходам зімы. Калектыў прапаноўвае пераняць традыцыі нашых продкаў і далучыцца да тэатралізаванага мерапрыемства “Піліпаўскія вячоркі”.
– На вячорках (гэта дзявочыя працоўныя вечары, што пачыналіся з наступленнем посту перад Калядамі) звычайна пралі, ткалі, вышывалі. Каб працавалася весялей, жартавалі, расказвалі цікавыя здарэнні, загадвалі загадкі, спявалі песні, а пасля працы моладзь гуляла ў розныя народныя гульні і танцавала, – распавядае супрацоўніца.
Ёсць магчымасць у наведвальнікаў Гудзевіцкага музея даведацца і пра калядныя прыкметы і варожбы, гульні і забавы – далучыцца да каляднага прадстаўлення “Калядкі – добрыя святкі” можна на працягу месяца, пачынаючы з 20 снежня.
З гэтай жа даты ў музеі адкрывае свае дзверы і зімовая “Гудзевіцкая хата Дзеда Мароза”, дзе ўсіх чакаюць на забаўляльную праграму з вясёлымі персанажамі, пачастункамі, гульнямі, конкурсамі і жартамі.
У снежаньскія дні для самых актыўных і крэатыўных наведвальнікаў у музеі будзе працаваць майстар-клас “Зімовыя забавы”.
– Вынікам заняткаў у нашай зімовай майстэрні стануць арыгінальныя вырабы, зроб-леныя сваімі рукамі. Гэта могуць быць аб’ёмныя сняжынкі, шышкі або ялінкі-паштоўкі, якія стануць выдатным упрыгожваннем навагодніх святаў, – тлумачыць Лілія Рэйшэль.
Аддаючы сілы, веды і вопыт працоўным клопатам, наша суразмоўца ўпэўнена, што яе найпершая апора і падтрымка – гэта сям’я. Муж Уладзімір Іосіфавіч, сын Андрэй, які працуе начальнікам аддзела аховы навакольнага асяроддзя – начальнікам санітарнай лабараторыі ААТ “Мастоўдрэў”, дачка Вольга – колішняя стыпендыятка раённага выканаўчага камітэта, а зараз загадчыца аптэкі ў Скідалі і студэнтка Беларускага медыцынскага ўніверсітэта – заўсёды на баку яе клопатнай, неспакойнай, але цікавай музейнай дзейнасці. Дарэчы, намаганні нашай суразмоўцы ў гэтым накірунку былі высока ацэнены – у бягучым годзе яе імя занесена на раённую Дошку гонару.
– Я шчаслівая, бо маю ўсё, аб чым марыла, усё склалася так, як мае быць, чаго яшчэ жадаць? – робіць выснову Лілія Іосіфаўна на развітанне і запрашае абавязкова наведаць Гудзевіцкі музей – зусім не сумнае месца.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара і з асабістага архіва Л. І. Рэйшэль
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад