Сёмага-дзевятага мая ў Мастах праходзілі XXIII дыяцэзіяльныя Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Урачыстыя мерапрыемствы арганізоўваліся пры касцёле Маці Божай Тройчы Цудоўнай.
У Мастах, каб ладзіць супольную малітву да Бога, сабралася каля 1300 юнакоў і дзяўчат з 56 парафій Гродзенскай, а таксама МінскаМагілёўскай і Пінскай дыяцэзій. На свята прыбылі нават 20 маладых католікаў з далёкай Нігерыі, пераважная большасць з іх сёння з’яўляюцца студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Сапраўдныя вера і міласэрнасць не ведаюць межаў.
Па словах ксяндза Антонія Грэмзы, галоўнага арганізатара Дыяцэзіяльных дзён моладзі, яны прызначаны для духоўнай інтэграцыі маладых людзей, дзе ёсць магчымасць пабачыцца з даўнімі сябрамі і пазнаёміцца з новымі. Пасля такіх спатканняў сэрца поўніцца ўдзячнасцю Богу за тое, што ён збірае маладых людзей разам у адну вялікую хрысціянскую сям’ю.
На Днях Гродзенскай дыяцэзіі моладзь праз учынкі міласэрнасці вучылася пацвярджаць тое, што хрысціянская любоў гэта не толькі прыгожыя словы і абяцанні, а канкрэтныя ўчынкі. Удзельнікі спаткання мелі магчымасць выбраць адзін з учынкаў міласэрнасці і практыкавацца ў ім у сваім штодзённым жыцці. У юбілейны год Божай міласэрнасці моладзь павінна ісці ў свет, каб рабіць дабро іншым. Дыяцэзіяльныя дні гэта яшчэ і сустрэча з Богам, які хоча ўвайсці ў жыццё кожнага маладога чалавека, каб разам будаваць грамадства спагады і міру.
Падчас сустрэчы ў Мастах моладзь разважала над тым, што выказаць любоў і ўдзячнасць Богу можна толькі праз міласэрнасць, ахвяраваную іншым. У час сустрэчы не раз гучала думка, што міласэрнасць з просьбай аб якой чалавек часта звяртваецца да Бога, абавязвае таго, хто просіць, дарыць сваё сэрца тым, каму яшчэ горш.
Праграма дзён моладзі была насычанай: супольныя малітвы, канферэнцыі, праца ў групах, канцэрты. Маладыя людзі ехалі на сустрэчу з пазітыўным настроем і з надзеяй, што Бог напоўніць іх сэрцы сапраўднай радасцю, каб, вярнуўшыся дамоў і на месцы вучобы, яны маглі сведчыць аб вялікай любові Бога да чалавека.
Першы дзень пачаўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Моладзь у малітвах прасіла аб дары глыбокай веры, каб супрацьстаяць розным спакусам сучаснага свету. Падчас адарацыі ксёндз Антоній Грэмза маліўся ў інтэнцыі за ўсіх удзельнікаў і моладзі дыяцэзіі, бо будучыня каталіцкага касцёла залежыць ад маладых.
Галоўным пунктам першага дня была святая імша. Усіх сардэчна вітаў пробаршч парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай ксёндз Віктар Ханько. Ён зазначыў, што для парафіі вялікі гонар прымаць вялікую колькасць вернікаў і святароў.
Канферэнцыю “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць” правёў прэфект Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродна ксёндз Андрэй Лішко.Святар заклікаў не толькі прасіць у Бога міласэрнасці для сябе: калі не быць міласэрным для іншых – значыць зачыніць сваё сэрца на дар Божай міласэрнасці.
Галоўнай крыніцай хрысціянскай радасці з’яўляюцца вера, надзея і любоў. За гэтыя дары дзякавалі Богу ўдзельнікі ХХІІІ Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ў Мастах у другі дзень сустрэчы, 8 мая.
Восьмага мая Дні моладзі ў Мастах наведаў Часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Марынко Антолавіч, які ўзначаліў святую імшу. Моладзь падзякавала яму за ўвагу да маладых вернікаў, важна, што гэта першы візіт мансеньёра ў Гродзенскую дыяцэзію. Моладзь уручыла часоваму паверанаму майку з лагатыпам і значок удзельніка.
У трэці дзень сустрэчы кульмінацыяй стала ўрачыстая святая імша. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Моладзь павіншавала пастыра з нагоды 25годдзя яго біскупскага пасвячэння. Аляксандр Кашкевіч нагадаў моладзі, што Езус жадае, каб яго вучні мелі сапраўдны супакой, і толькі ў ім гэты супакой можна знайсці. Біскуп пажадаў моладзі, каб вера, падтрыманая добрымі ўчынкамі, міласэрнасцю да бліжніх, была перамогай, якую мы атрымліваем, калі яднаемся з Хрыстом.
-- Буду маліцца разам з вамі і за вас, -- паабяцаў біскуп.
Моладзь засталася ўдзячнай арганізатарам дзён Гродзенскай дыяцэзіі ксяндзам Антонію Грэмза, Віктару Ханько і ўсім парафіянам за правядзенне такой сустрэчы, якую маладыя вернікі Гродзеншчыны чакаюць і цэняць. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць моладзь на добрыя справы, спрыяюць узрастанню веры ў сэрцах, вучаць інакш глядзець на свет.
У дыяцэзіяльных Днях моладзі я ўдзельнічаю другі раз, у мінулы раз была ў Смаргоні. Мяркую, што і ў наступны раз буду ўдзельнічаць таксама. Радасна, што моладзь праводзіць час з Богам і з блізкімі па духу людзьмі. Паглядзіце: навокал усе ўсміхаюцца, а ўсмешка ідзе ад сэрца, бо яна ад Бога. Сумесная малітва аб’ядноўвае ўсіх нас у адну вялікую сям’ю, дае ўпэўненасць і надзею, перакана Анастасія Толкач з парафіі Святога Мікалая ў Геранёнах.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Фота В. ДЗЕГЕЛЕВІЧА
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад