Сёлета вучні Гудзевіцкай сярэдняй школы прадстаўлялі каманду Мастоўшчыны на трэцім (абласным) этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.
Два дыпломы заваявалі юныя спартсмены. Дыплом другой ступені атрымала вучаніца 10 класа Марыя Шчарбіна, дыплом трэцяй ступені – вучаніца 8 класа Ева Занеўская.
Юныя спартсмены дэманстравалі свае дасягненні ў плаванні і спартыўных гульнях, паказвалі свае веды ў тэарэтычным туры. З дадзенай задачай справіліся на выдатна.
Нашы “зоркі” ўпэўнена ішлі да перамогі. За іх плячыма поспехі ў шматлікіх спартыўных спаборніцтвах як раённага і абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўняў. Удзел у спаборніцтвах дае магчымасць прымяніць на практыцы тэхнічныя і тактычныя навыкі, праявіць сваё ўменне, спазнаць перамогу і паражэнне. Іх сапернікі, як і сапернікі ў любым відзе спорту, – гэта мэтанакіраваныя спартсмены, кожны з якіх марыць стаць на самую высокую прыступку пастамента. І таму патрэбна многа і ўпарта трэніравацца. “Трэніравацца, трэніравацца і яшчэ раз трэніравацца”, – разважліва гавораць нашы дзяўчынкі. – Ніколі не спыняцца на дасягнутым, імкнуцца толькі ўверх і перамагаць”. Яны адкрылі для сябе свет спорту і дораць яму часцінку сябе. І сапраўды, спорт – гэта не проста адна з магчымых дзейнасцяў чалавека, гэта і ёсць Чалавек, у адной з самых прыгожых яго праяў.
Удзел у алімпіядзе патрабуе асаблівай падрыхтоўкі. Неабходна прадэманстраваць не толькі свой узровень фізічнай падрыхтаванасці, але і глыбокія веды. І вядома, цярпенне, мэтанакіраванасць, усведамленне таго, што ты адстойваеш гонар не толькі сваёй установы адукацыі, але і ўсяго Мастоўскага раёна.
Паспяховыя выступленні нашых вучняў у алімпіядзе з’яўляюцца вынікам працы і іх настаўніка фізічнай культуры і здароўя Анджэя Рышардавіча Занеўскага. На працягу некалькіх гадоў пад яго кіраўніцтвам ішла сур’ёзная падрыхтоўка. Невычэрпная энергія, запал, аптымізм і, безумоўна, вера ў перамогу перадаліся ад настаўніка сваім падапечным.
Спадзяёмся, што ў хуткім будучым нашых вучняў чакаюць усё новыя і новыя перамогі.
Марына Батвіноўская,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Оперативные и актуальные новости в нашем Telegram-канале
Подписывайтесь по ссылке
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад