Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Месца, дзе жыве Бог: каплічка ў Гудзевічах адзначыла сваё 20-годдзе

Месца, дзе жыве Бог: каплічка ў Гудзевічах адзначыла сваё 20-годдзе05 июня 2026 — 13:28

Серада для каталіцкай супольнасці ў Гудзевічах стала сапраўдным святочным днём: мясцовай каплічцы споўнілася 20 гадоў.

Спеў перад святочнай імшой чуваць за некалькі дамоў ад каплічкі (мясцовыя называюць яе так ласкава,  быццам падкрэсліваюць яе ўтульнасць). У сераду  там было носа не ўбіць: значная ў жыцці аграгарадка падзея сабрала і гудзевіцкіх жыхароў, і гасцей з іншых вёсак. Нягледзячы на дзясятак лаваў, месца ўсё роўна не хапіла, таму Ірэна Жукоўская, адна з парафіянак, выносіць крэсла за крэслам.

Былі на імшы і дарослыя, і дзеці, нават самыя маленькія. Хлопчык, што быццам нядаўна пакінуў “лагер” немаўлятак, то гуляе з шэрай плюшавай мышшу, то ўважліва слухае спеў дарослых.

Мясцовы ксёндз, пробашч Алег, трошкі хвалюецца: ён служыць у Гудзевічах ужо пяць гадоў, але гэткі юбілей сустракае з парафіянамі ўпершыню. На святкаванне таксама прыехалі і святары з суседніх парафій: ксёндз-дэкан Андрэй і ксёндз Павел з Бераставіцкага раёна.

‒ Хачу памаліцца і за нашых парафіянаў, бо без вас гэты будынак быў бы пусты, ‒ звярнуўся да вернікаў пробашч Алег. ‒ Мы ведаем, што пан Бог не патрабуе матэрыялу з дрэва ці каменю‒ ён патрабуе жывыя людскія сэрцы. Дзякуючы вам, гэтае месца застанецца заўсёды сакральным, святым. За 20 гадоў яно прапіталася малітвамі ды сакраментамі, таму стала для нашай супольнасці асаблівым.

Капліцу дваццаць год таму зрабілі з некалі жылога дома. Праз яшчэ дзесяць гадоў яе рэканструявалі, дзякуючы ініцыятыве ксёндза Валерыя, тагачаснага святара Гудзевіцкай каталіцкай супольнасці, і фінансавай дапамозе двух кіраўнікоў мясцовай гаспадаркі: сучаснага старшыні райвыканкама Андрэя Санько і дырэктара ЗАТ “Гудзевічы” Паўла Станеўскага. Далучыўся да іх у свой час і Генрых Мыслівец, дырэктар фермерскай гаспадаркі «Гарызонт». Рэмонт і будоўлю 40 кв. м памяшканняў узялі на сябе парафіяне: сваімі сіламі зладзілі ўсе будаўнічыя работы. Так некалі жылы дом пераўтварыўся у дом Божы.

‒ Калі мы зазірнём у катэхізіс, то заўсёды ўбачым, што пра касцёл ці капліцу кажуць, што гэта святое месца ‒ дом малітвы. Для нас малітва ‒ гэта размова з панам Богам. Мы ведаем, што, узносячы нашыя падзякі, просьбы, перапрашэнні, Бог нас чуе. Што гэта ўсё мае сэнс, што збіраемся мы тут нездарма. Вось чаму гэта месца для нас як роднае: мы ўклалі сюды і сілы, і душу. Мы з’яўляемся жывымі камянямі ў сценах гэтага Божага храма, ‒ скончыў гэтымі словамі святочную імшу ксёндз Алег.

Пробашч цёпла падзякаваў парафіянам: шмат хто з іх упрыгожвае каплічку кветкамі ці наводзіць парадак на тэрыторыі. Каб гэта было рабіць зручней, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ЗАТ “Гудзевічы” Марыя Палубятка прэзентавала парафіі бензакасу-трымер ад гаспадаркі. Сама Марыя Мечыславаўна таксама даўні наведвальнік каплічкі.

У сваю чаргу, вернікі павіншавалі са святам і ксяндза. Ад імя ўсіх парафіян да яго звярнулася Ірэна Жукоўская, якая адзначыла: лепшага пробашча, які за пяць год не пакрыдзіў аніводнага ні словам, ні ўчынкам, і пажадаць нельга было.

…па дарозе назад рэдакцыйны кіроўца, гледзячы на свінцовыя хмары дзесьці над Воўпай, заўважыў:

‒ Вось там хмарна, быццам дождж збіраецца, а ў Гудзевічах, як не прыедзем, заўсёды сонца ззяе. У чым сакрэт? Хіба Бог там жыве?

Так, і сапраўды жыве ‒ у сэрцах і душах мясцовых хрысціян ‒ праваслаўных, каталікаў ды пратэстантаў.

Віктар МОХАНЬ

Фото аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты