Беларусь! Радзіма! Мова! Маці! Самыя важныя словы для кожнага сумленнага грамадзяніна. У святочны дзень гучалі лепшыя паэтычныя творы беларускіх майстроў слова, напаўняючы сэрца пяшчотаю, ласкавасцю, замілаванасцю. Дзень роднай мовы прайшоў пад дэвізам ”Сэрцам роднага слова краніся”.
Спадчына беларусаў – гэта не толькі песні, прыказкі, прымаўкі, але і цікавыя беларускія народныя гульні, якія захапілі вучняў 3 класаў. Гульня “Чый круг каля снапа хутчэй збярэцца” выявіла не толькі фізічныя якасці і ўменні, але садзейнічала і выхаванню нацыянальнай самасвядомасці і цікавасці да гісторыі і культуры свайго народа.
Творчая майстэрня па падрыхтоўцы віншавальных паштовак да Дня роднай мовы сабрала самых крэатыўных хлопчыкаў і дзяўчынак 4-ых класаў. Кожны праявіў сваю неардынарнасць і творчы падыход да працы.
Немагчыма ўявіць спадчыну нашых продкаў без ведання прыказак і прымавак. У святочны дзень вучні 5-ых класаў азнаёміліся з вялікай колькасцю прыказак пра родную мову. На мерапрыемстве “Залацінкі роднай мовы” падкрэслілі трапнасць роднага слова, дасціпнасць прыказак і прымавак у розных сітуацыях.
Турнір “Знаўцаў роднай мовы” аб’яднаў вучняў 6-ых класаў. У час правядзення мерапрыемства вучні праявілі цікавасць і паказалі свой інтэлектуальны ўзровень у веданні роднай мовы.
У час мікс-пляцоўкі “Любі і чытай сваё” вучні 7-ых класаў дэкламавалі самыя цікавыя творы беларускіх майстроў слова: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Чыталі душэўна, мілагучна, па-сапраўднаму выяўляючы яркі талент.
Азбуку беларускага арнаменту ў гэты дзень пазнавалі вучні 8-ых класаў. Вядома, што арнамент з’яўляецца распаўсюджанай формай выражэння культуры шматлікіх народаў. Беларускі арнамент выдзяляе тры асноўныя катэгорыі: геаметрычны, раслінны, жывёльны. Хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі цікавую інфармацыю пра асноўныя сімвалы беларускага арнаменту: багацце, агонь, жыццё, зямлю, продкаў – і падрыхтавалі цікавае тлумачэнне кожнаму сімвалу.
Вучні 9-ых класаў прынялі ўдзел у анлайн-акцыі “Натхнёныя Бацькаўшчынай” і пазнаёміліся з падрыхтаванымі самастойна відэасюжэтамі пра знакамітых беларусаў.
Флэш-батл “Хуткамоўкі: чытаем разам” падрыхтавалі для ўсіх вучні 10-ых класаў.
Чэлендж-марафон “Я чытаю і размаўляю на роднай мове” аб’яднаў вучняў 11-ых класаў, якія на высокім ўзроўні чыталі любімыя творы майстроў беларускага слова. Пачуццё бязмежнай любові да роднага краю, да матчынай мовы прадэманстравалі вучні ў час чытання твораў класікаў беларускай літаратуры.
На кожным мерапрыемстве адзначалася, што мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны. Дзякуючы ёй, працягваюць жыць традыцыі. Мова абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага і служыць элементам аб’яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання.
Усе мерапрыемствы, якія былі арганізаваны ў рамках свята, спрыялі развіццю пазнавальнай актыўнасці вучняў, узбагачэнню іх слоўнікавага запасу, а таксама садзейнічалі прывіццю любові да роднай мовы – жывой і непаўторнай.
Сэрцам роднага слова крануцца – асалода, радасць, сэнс, само жыццё.
Таццяна КАЛЕСНІКАВА,
настаўнік сярэдняя школы №2 г. Масты
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад