Міхаіл Сцяпанавіч Пронька – жывая легенда Мастоўшчыны. Усё сваё працоўнае жыццё ён прысвяціў сельскай гаспадарцы.
У 27 гадоў маладога агранома выбралі старшынёй калгаса “Іскра” ў Радзявічах, куды ён прыехаў на працу пасля заканчэння сельскагаспадарчай навучальнай установы. Неўзабаве гаспадарка стала адной з лепшых на Мастоўшчыне. Менавіта да яе з часам далучылі адстаючы калгас імя Карбышава з цэнтрам у вёсцы Гудзевічы. Аб’яднаная гаспадарка насіла спачатку імя савецкага генерала, загінуўшага ў нямецкім палоне, а затым атрымала назву “Гудзевічы”. За час кіраўніцтва Міхаіла Сцяпанавіча сельгаспрадпрыемства і самі Гудзевічы, і навакольныя вёскі, усіх іх 21, непазнавальна змяніліся. На вуліцах і дарогах быў пракладзены асфальт, у дамы вяскоўцаў прыйшоў газ, пабудавана каля трохсот кватэр. Штогод ігралі вяселле каля трыццаці маладажонаў. З часам яны атрымоўвалі жыллё і пазыкі на абзавядзенне гаспадаркай.
Усе гады вялося вялікае будаўніцтва. У Гудзевічах быў пабудаваны лепшы ў раёне машынны двор, рэканструяваны майстэрні ў Пілках і Радзявічах і ўсе жывёлагадоўчыя памяшканні гаспадаркі.
Многія гады сельгаспрадпрыемства “Гудзевічы” з’яўлялася лепшым на Гродзеншчыне і ў краіне. А яго старшыня, таленавіты арганізатар і кіраўнік сельскагаспадарчай вытворчасці Міхаіл Сцяпанавіч Пронька быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак пашаны”, медалямі, стаў “Заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі”. Землякі выбралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Здымак выдатнага кіраўніка і расказ пра яго жыццё і працу змешчаны ў Кнізе Славы Мастоўскага раёна.
Нядаўна Міхаіла Сцяпанавіча наведала прадстаўнічая дэлегацыя, якую ўзначальваў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мастоўскага райвыканкама Сяргей Дзяйкала. Сяргей Сяргеевіч шчыра павіншаваў ветэрана працы з узнагароджаннем юбілейным медалём «З нагоды 100-годдзя ўтварэння БССР”.
Цёпла павіншавалі Міхаіла Проньку з узнагародай старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Мятлюк, дырэктар ЗАТ “Гудзевічы” Андрэй Санько, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Андрэй Палойка.
Міхаіл Сцяпанавіч шчыра падзякаваў за ўзнагароду, адзначыў, што яму вельмі прыемна ад таго, што “Гудзевічы” пад кіраўніцтвам Андрэя Антонавіча захавалі ўсё лепшае з мінулых часоў і вельмі паспяхова развіваюцца зараз.
…Вось і яшчэ адна медаль прыбавілася ў капілцы ўзнагарод мудрага і дастойнага чалавека Міхаіла Сцяпанавіча Пронькі. Жывё ён у звычайным сялянскім доме ў вёсцы Радзявічы, які пабудаваў у пачатку сваёй працы на Мастоўшчыне. Яго вельмі паважалі землякі ў час работы старшынёй гаспадаркі і так жа паважаюць зараз, калі Міхаіл Сцяпанавіч знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Яго прафесіяналізму і ўменню гаспадарыць вучыліся многія кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Гродзеншчыны. Ён заўсёды шчыра дзяліўся сваім талентам і вопытам.
С. ЗВЯРОВІЧ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад