Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

#МаяРоднаяМова: як прайшоў тыдзень у Дубненскай школе

#МаяРоднаяМова: як прайшоў тыдзень у Дубненскай школе24 февраля 2026 — 16:58

З 16 па 21 лютага ў ДУА «Дубненская сярэдняя школа імя Андрэя Сцяпанавіча Данілава» прайшоў тыдзень роднай мовы, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. На працягу шасці дзён школа жыла асаблівым рытмам, дзе галоўным госцем і гаспадаром была беларуская мова.

Гучалі вершы, з’яўляліся цытаты з твораў класікаў, а ў класах кіпела сапраўдная творчая атмасфера. Тыдзень адкрыўся анлайн-флэшмобам «#МаяРоднаяМова» – і ўжо з першага дня было зразумела: гэта будзе нешта большае, чым проста чарговыя ўрокі.

Асаблівасцю гэтага тыдня стаў турнір для вучняў 5–11 класаў. Кожны дзень, акрамя пятніцы, школьнікі атрымлівалі дадатковае заданне. То трэба было знайсці памылку ў тэксце, то перакласці складаны выраз, то растлумачыць значэнне старадаўняга слова. Заданні выкладваліся ў турнірную табліцу, і азарт рос з кожным днём. Хто сёння лідар? Хто хутчэй і дакладней?

 – Дзеці чакалі новых заданняў, як спартсмены – старту, – расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крысціна Вахрушава. – Было відаць, што ім цікава. І галоўнае – яны пачалі больш размаўляць па-беларуску не толькі на ўроках, але і ў зносінах паміж сабой.

Акрамя турніру, праграма была насычаная. Вось некалькі мерапрыемстваў:

  1. Фотаконкурс «Мова ў кадры» – вучні шукалі беларускае слова навокал: на шыльдах, у кнігах, на старонках Instagram. Самыя крэатыўныя здымкі збіралі лайкі і каментарыі.
  2. Інтэлектуальны турнір «Мая Радзіма» для 5-х класаў – тут трэба было не толькі ведаць гісторыю, але і думаць лагічна.
  3. Конкурс эсэ «Ад прадзедаў спакон вякоў…» для 8-10 класаў. Падлеткі пісалі пра тое, што для іх значыць родная мова. Шчыра, глыбока, часам нечакана.
  4. Літаратурная сустрэча «Мая першая сустрэча з беларускай кнігай» сабрала тых, хто памятае сваю першую кнігу на роднай мове. Хтосьці ўспамінаў «Палескіх рабінзонаў», хтосьці – першы буквар.
  5. І вядома ж, конкурс чытальнікаў «Гучыць слова звонкае», які правяла дырэктар школы Лілія Пусь для 7 і 11 класаў. Вершы гучалі так, што хацелася слухаць і слухаць.

Але самым незвычайным момантам стала пятніца – напісанне рэспубліканскага дыктанта да Міжнароднага дня роднай мовы. Да акцыі далучыўся ўвесь калектыў школы. За парты селі не толькі вучні сярэдняй ступені навучання, а таксама актыўныя члены грамадскага аб'яднання БРСМ. У класах панавала ўрачыстая цішыня, якую парушаў толькі стук ручак і шамаценне лістоў. Для многіх гэта стала магчымасцю праверыць сябе, узгадаць правілы арфаграфіі і яшчэ раз дакрануцца да жывога беларускага слова. Дыктант аб'яднаў удзельнікаў рознага ўзросту ў адным парыве – паказаць, што мова жыве, пакуль на ёй пішуць і думаюць.

 У гэты дзень вучням прапанавалі напісаць водгук. Не проста так, а на спецыяльна падрыхтаваных выявах кніг. Заданне гучала проста: пакінь водгук пра Тыдзень роднай мовы.

І тут пачалося сапраўднае чараўніцтва.

На імправізаваных «кніжных старонках» з’явіліся словы, ад якіх на вачах выступалі слёзы:

– «Я і не думаў, што беларуская мова можа быць такой прыгожай. Яна гучыць у маім сэрцы».

– «Тыдзень нагадаў мне, як гаварыла мая бабуля. Мне падабаюцца казкі».

– «Крута! Нарэшце мы гаварылі па-беларуску не толькі на ўроках, але і ў сталоўцы!».

– «Спадзяюся, такі тыдзень будзе не адзін раз у год. Хочацца больш».

Некаторыя водгукі былі жартоўныя, некаторыя – філасофскія, але ўсе яны былі шчырыя. Гэтыя «кніжныя старонкі» сталі не проста вынікам тыдня, а яго галоўным скарбам.

У пятніцу ж падвялі вынікі турніру. Пераможцы атрымалі дыпломы, салодкія і сімвалічныя прызы, але, здаецца, галоўны прыз атрымалі ўсе без выключэння. Гэта – пачуццё дакранання да сваёй культуры, гонар за сваю мову.

Апошні дзень тыдня, субота, стаў па-сапраўднаму цёплым і душэўным. У школе прайшла літаратурная сустрэча «Мая першая сустрэча з беларускай кнігай». Але гэта было не проста мерапрыемства – гэта быў сапраўдны кніжны пікнік.

Кожны жадаючы вучань прыйшоў са сваёй любімай кнігай. Хтосьці прынёс зборнік вершаў Янкі Купалы, хтосьці – сучаснае беларускае фэнтэзі, а некаторыя — кнігі, якія перайшлі да іх у спадчыну ад бабуль і дзядуляў. Рабяты не проста паказвалі свае кнігі – яны дзяліліся гісторыямі: чаму менавіта гэта кніга стала любімай, хто яе падарыў, якія эмоцыі яна выклікае.

А асаблівы настрой ствараў водар гарбаты. Сапраўдныя кнігалюбы ведаюць: што можа быць лепш, чым гарбата з цытрынай і ціхае чытанне ва ўтульнай кампаніі? Вучні з задавальненнем пачаставаліся духмяным напоем, гартаючы старонкі і абменьваючыся ўражаннямі. У гэты дзень кабінет беларускай мовы і літаратуры ператварыўся ў месца сілы, дзе слова сагравала лепш за гарачы напой.

– Гэта быў самы душэўны дзень тыдня, – прызнаюцца васьмікласніцы. – Мы гаварылі пра кнігі, пілі гарбату і адчувалі сябе як дома.

Тыдзень роднай мовы ў Дубненскай школе скончыўся, але, спадзяюся, ён пакінуў след у душах. Бо мова – гэта не проста сродак зносін. Гэта тое, што робіць нас беларусамі.

І як напісаў у сваім водгуку адзін з вучняў: «Дзякуй за гэты тыдзень. Ён быў… мой. Родны».

 

 



 

 

 

 

 

 

Крысціна ВАХРУШАВА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты