Алена Міхайлаўна нарадзілася на Лідчыне, але усё сваё працоўнае жыццё звязала з Мастоўшчынай. Вось ужо 33 гады выкладае ў школах раёна свой любімы прадмет – матэматыку.
Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы працавала ў Малькавіцкай школе. І вось ужо тры дзсяткі гадоў вучыць і выхоўвае любоў да гэтага складанага прадмета ў лунненскіх вучняў.
Прыйшоў вопыт, а з ім і поспехі на ніве адукацыі. Калегі адзначаюць, што Алена Міхайлаўна творчы настаўнік, з адказным стаўленнем да працы. Валодае высокім узроўнем тэарэтычнай і метадычнай падрыхтоўкі для вырашэння прафесійных задач. Умее працаваць у камандзе, праяўляе адказнасць і ініцыятыву.
Алена Чэрнік з’яўляецца ўдзельнікам эксперыментальнага праекта “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі як сродку праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі навучэнцаў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі” (2017 – 2020). Яе вучні рэгулярна становяцца пераможцамі раённых алімпіяд, у 2019 і 2020 гадах прымалі ўдзел у абласным этапе алімпіяды па матэматыцы.
Алена Міхайлаўна працуе плённа, выкарыстоўвае новыя цікавыя формы: створаны блог настаўніка “ИнтерКейс”, віртуальны кабінет інфарматыкі. Сумесна з вучнямі настаўнік займаецца навукова-даследчай дзейнасцю. З 2017 года вучнямі заваёвана 4 дыпломы рэспубліканскага ўзроўню, 7 дыпломаў – абласнога ўзроўню. Пад яе кіраўніцтвам створаны віртуальны музей, 3D-панарамы школы і народнага музея баявой славы.
Шмат увагі настаўнік надае інфармацыйнаму суправаджэнню дзейнасці народнага музея баявой славы школы, з’ўляецца кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Мультымедыя ў сучасным жыцці”. У 2019 годзе атрыманы дыпломы Міністэрства адукацыі ў рэспубліканскіх конкурсах “Патрыёт.by”, “Не меркнет летопись Побед” і “Малая радзіма вялікіх людзей”.
У гэтым годзе педагог узнагароджана дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у рэспубліканскім конкурсе музеяў устаноў адукацыі “Во Славу общей Победы”; з’яўляецца адным з аўтараў кнігі “Повязь часоў, пакаленняў, традыцый” аб дзейнасці народнага музея баявой славы школы. Яна выхоўвае ў вучнях пачуццё грамадзянскасці і патрыятызму.
Сваім вопытам і набыткамі Алена Міхайлаўна актыўна дзеліцца з калегамі. Яна з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў дакладных і прыродазнаўчых прадметаў устаноў адукацыі. Вопыт уласнай працы дэманструе праз правядзенне адкрытых урокаў, семінараў і майстар-класаў для педагогаў раёна і вобласці. Алена Міхайлаўна актыўна ўкараняе ў адукацыйны працэс інфармацыйныя тэхналогіі. Неаднаразова станавілася пераможцам раённага конкурсу “Мой лепшы ўрок”. Пра яе здабыткі неаднаразова расказвала “Настаўніцкая газета”.
Багаты настаўніцкі вопыт, бліскучае веданне сваёй дысцыпліны, метадычнае майстэрства, эрудыцыя, інтэлігентнасць – рысы, якія ўласцівы настаўніку. Алена Міхайлаўна займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, праводзіць шматгранную работу з бацькамі вучняў і грамадскасцю. Усё гэта прынесла ёй заслужаныы аўтарытэт сярод вучняў і іх бацькоў, педагагічнай грамадскасці раёна.
Станіслаў ЗВЯРОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад