25 июня 2026 — 11:25
Ужо некалькі гадоў запар у аграгарадку Масты Правыя ладзіцца сямейны фестываль “Масты яднаюць берагі і лёсы” – шчырае, добрае свята, дзе кожны яго ўдзельнік адчувае яднанне з землякамі. А сімвалам святочнай імпрэзы стаў мост – зараз у аграгарадку два збудаванні над вадой стаяць побач. На іх фоне і праходзіла мерапрыемства.
Сёлета яно было прысвечана яшчэ адной важнай нагодзе – Году беларускай жанчыны, што з’яўляецца душой роднай зямлі, захавальніцай яе традыцый і тварцом будучыні. Самы першы, самы надзейны і святы мост у жыцці кожнага чалавека – гэта рукі маці, што вядуць нас з калыскі ў вялікае жыццё. Менавіта сэрца жанчыны становіцца тым нябачным, але трывалым мостам, які злучае пакаленні, аберагае мір і лад у сям’і і дае нам сілы ісці наперад.
– Наш фестываль мы пачынаем з паклону жанчыне. Бо там, дзе шчаслівая жанчына, там моцная сям’я. А там, дзе моцная сям’я, моцная і наша Беларусь, – канстатуе старшыня Мастоўскага сельвыканкама Людміла Рагацэвіч. – Сёння мы будзем ушаноўваць шматдзетныя сем’і, якіх багата ў нашым аграгарадку. Шматдзетная сям’я – гэта не толькі крыніца радасці, але і вялікая праца, без адпачынку і выхадных. У гэтых сем’ях на першым месцы – дзеці, камфортныя ўмовы для іх пражывання і развіцця. І такія сем’і – узор для пераймання, прыклад для маладажонаў. Няхай і далей вашы дамы з’яўляюцца астраўкамі шчасця, няхай не змаўкае ў іх дзіцячы смех, а тыя масты любові, якія вы будуеце штодня, будуць непарушнымі.
Першымі на сцэну падымаюцца сем’і, у якіх выхоўваецца па трое дзетак. Заўсёды шумна і весела ў добраўпарадкаваным доме, дзе пражываюць Павел і Алена Шымбель і іх дзеці Данііл, Ева і Марат. Узорам гасціннасці, дабрабыту і шчасця з’яўляецца дом сям’і Балтрукевічаў: бацькі Сяргея, маці Святланы, дзяцей Данііла, Аліны і Дзмітрыя. Узаемаразуменне і узаемадапамога, лад і згода пануюць і ў доме Нэллі Пакачайла і яе траіх сыноў – Марка, Мацвея, Арцёма.
.jpg)
Цікава, але факт: сярод шматдзетных сем’яў аграгарадка Масты Правыя, у якіх бацькоўскае шчасце гучыць адразу ў тры ці чатыры галасы, у дзвюх падрастаюць блізняты. Гэта надзейная каманда ў складзе Івана і Алены Карпук, а таксама двух трынаццацігадовых капітанаў Настассі і Марыі і іх малодшага браціка Мікалая.
Нядаўна на старонках нашай “раёнкі” мы расказвалі пра двайное шчасце, якое здарылася ў сям’і Алега і Святланы Лучко. У пачатку бягучага года сваім старэйшым сынам Арсенію і Ігнату бацькі падарылі адразу браціка Аляксандра і сястрычку Лізавету. Блізняты растуць у любові і ўвазе не толькі сваіх старэйшых братоў і бацькоў, але і бабуль і дзядулі.
Толькі ўявіце: у гэтым доме ў два разы больш калыханак, першых усмешак і пяшчотных момантаў. Быць бацькамі чацвярых дзяцей, двое з якіх немаўляты – гэта сапраўдны подзвіг кахання, цярпення і клопату.
На чатыры дзеляць сваю любоў, увагу і клопат Андрэй і Кацярына Палубяткі, у сям’і якіх падрастаюць дзеці Паліна, Сафія, Арсеній і Дар’я. У чатыры гучныя дзіцячыя галасы Паліны, Сафіі, Святланы і Дзмітрыя гучыць слова “мама” для Анжэлы Станюкевіч. Сын Кірыл, дочкі Аэліта, Каталея і Дэніза – гэта надзейны сямейны тыл Таццяны Палубок.
Ёсць у аграгарадку і сям’я, дзе лічба сем – магічная, бо менавіта столькі дзетак падрастае пад крылом бацькоў Сяргея і Дзіяны Рудзь. Аляксандр, Настасся, Арсеній, Вікторыя, Валерыя, Ганна, Сяргей – як толькі не блытаюцца шчаслівыя бацька і маці, калі клічуць дзяцей снедаць або з вуліцы дадому. Але мацярынскае сэрца заўсёды без памылкі ведае, чые ціхія крокі чуваць у калідоры ці хто гэта так гучна закрыў дзверы…
Цёплыя словы падзякі за бацькоўскі клопат і мацярынскае шчырае сэрца, пажаданні моцнага здароўя, кахання, даверу і пяшчоты ў кожны дом прагучалі ад старшыні сельсавета і прадстаўнікоў раённых устаноў, дзе працуюць бацькі шматдзетных сем’яў – а гэта ўстановы культуры, ААТ “Мастоўдрэў”, Мастоўскі раён электрычных сетак, фермерская гаспадарка “Надзея”. Кожная сям’я, што падымалася на сцэну, атрымала падарунак, а сям’я Рудзь – сертыфікат ад Мастоўскага раённага аддзелення Беларускай партыі “Белая Русь”.
Словы Божага благаславення адрасаваў сем’ям і ўсім удзельнікам свята настаяцель царквы святога Мікалая аг. Пескі айцец Віктар Шнайдар.
А колькі добрых песень прагучала ў гэты дзень на беразе Нёмана! Свой музычны падарунак мастаўчанам падрыхтаваў народны ансамбль песні “Уладары” з Ваўкавыска, падхапілі гэты творчы настрой артысты з Гудзевіч, Харціцы і Мастоў Правых.
Дададзім, што пакуль дарослыя захапляліся песнямі і танцамі, дзеці мелі магчымасць паскакаць на шматлікіх батутах, паспытаць штосьці смачненькае і набыць цацкі і сувеніры – падчас свята працаваў гандаль.
А магчымасць ахаладзіцца ў прамым і пераносным сэнсе (бо лічба на тэрмометры набліжалася да +30) удзельнікам свята прадаставілі супрацоўнікі Мастоўскага РАНС. Водная феерыя і фантан сталі выратавальным “колам” ад спякоты і для дзяцей, і для дарослых, якія з задавальненнем прымалі “водныя працэдуры”.
Меркаванне
Сяргей, Святлана, Данііл, Аліна, Дзмітрый БАЛТРУКЕВІЧЫ:
– Для нас такое мерапрыемства вельмі значнае, бо ў ім адчуваецца клопат, павага і падтрымка сем’яў, якія нясуць вялікую штодзённую працу і адказнасць. Асабліва кранула ўвага да ролі жанчыны-маці, яе клопату, любові і цярплівасці, якія штодня напаўняюць дом цяплом і дапамагаюць дзецям расці ў гармоніі. Дзякуем арганізатарам – сельвыканкаму, артыстам, супрацоўнікам РАНС – за гэты цудоўны дзень.
Асобныя словы падзякі – Мастоўскаму РЭС і яго кіраўніку за цёплыя словы і падарунак. Мы заўсёды адчуваем падтрымку нашай сям’і. Гэта вельмі важна і не менш кранальна.
Наталля ШЭЎЧЫК
Фота аўтара
Масты злучаюць берагі - 2026
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад













































































