Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

“Масты і берагі” Дзмітрыя Радзівончыка: у Мастах адбылася прэзентацыя зборніка літаратурнай крытыкі гродзенскага паэта і літаратуразнаўцы

“Масты і берагі” Дзмітрыя Радзівончыка: у Мастах адбылася прэзентацыя зборніка літаратурнай крытыкі гродзенскага паэта і літаратуразнаўцы08 августа 2026 — 08:52

У гасцінай Мастоўскай раённай бібліятэкі адбылася знакавая для чытачоў і бібліятэкараў раёна падзея – прэзентацыя новай кнігі Дзмітрыя Радзівончыка “Масты і берагі”.

Сваім літаратурным тварэннем з удзельнікамі сустрэчы падзяліўся сам аўтар – паэт і літаратуразнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Радзівончык. Як публіцыст ён дэбютаваў у 2018 годзе, калі выйшаў яго зборнік крытычных эсэ «Навстречу попутному ветру». І вось чарговая “проба пяра” крытычнага характару – зборнік літаратурнай крытыкі з сімвалічнай для нашага райцэнтра назвай “Масты і берагі”.

– Заўсёды з завальненнем наведваю Масты. Гэта горад з вялікай сімволікай. Тут усё, што ні будуецца, нават з кніг, – мае вялікі поспех. Гэта я маю на ўвазе бібліятэчны праект “Кнігі будуюць МАСТЫ”, які быў адзначаны на дзяржаўным узроўні. Адкрыты  фестываль паэзіі “Масты сугучнасці” таксама знайшоў сваю нішу ў культурным жыцці Гродзеншчыны. І гэта вельмі важна, бо без літаратуры жыццё сучаснага чалавека не будзе паўнавартасным. Гэта мастацтва на ўсе часы. Яно  з’яўляецца і часткай жыцця, і адлюстроўвае гэта жыццё, – выказаў меркаванне Дзмітрый Мікалаевіч.

Пад адной вокладкай новай кнігі Дз. Радзівончыка сабраны публіцыстычна-аналітычны матэрыял аб творчасці сучасных гродзенскіх паэтаў і пісьменнікаў, чый гучны голас знаходзіць водгук у сэрцах чытачоў. Але не толькі. Дзмітрый Мікалаевіч дэталёва, у постацях, імёнах і падзеях імкнецца адлюстраваць сённяшні дзень літаратуры Гродзеншчыны як феномена рэгіянальнай літаратуры Беларусі апошняга дзесяцігоддзя.

Мэта яго дыялога з чытачом – павысіць узровень чытацкай культуры, абудзіць у сучаснікаў цікавасць да літаратуры, да твораў мясцовых аўтараў. Пры гэтым госць раённай бібліятэкі перакананы, што літаратурная крытыка не мае нічога агульнага з выстаўленнем адзнак і навешваннем ярлыкоў. Гэта рука дапамогі, працягнутая творчаму працэсу, гэта папулярызацыя творчасці сучасных пісьменнікаў, якіх, на жаль, далёка не ўсе ведаюць.

“Дарагія чытачы, перад вамі кніга пра сучаснае літаратурнае жыццё Гродзеншчыны. Я перакананы, што гучанне мастацкага слова ў кожнай вобласці Беларусі непаўторнае. Кожны рэгіён нашай краіны ўяўляе сабой запаведнік аўтэнтычнай культуры. І гэта адлюстроўваецца ў слове… Вельмі важна для мяне было падкрэсліць кансалідуючую ролю, сацыяльную значнасць мастацкага слова ў няпростым сучасным свеце”, – дзеліцца думкамі аўтар у пасляслоўі да зборніка.

Падчас прэзентацыі прагучалі цытаты з кнігі, якія адлюстроўваюць творчы шлях сучасных літаратараў Прынёманскага краю, думкі і памкненні калег аўтара па творчаму “цэху”. Гэта была паспяховая спроба мастацкага аналізу кніг і розных этапаў жыцця і творчасці паэтаў і пісьменнікаў, пераможцаў абласных літаратурных конкурсаў.

Акрамя аповяду пра зборнік, аўтар падрыхтаваў для слухачоў і некалькі творчых падарункаў. Гэта былі буктрэйлер да кнігі, музычныя паўзы, дзе Дзмітрый Мікалаевіч выступаў як выканаўца року (захапленне маладосці), а таксама фотагалерэя, дзе можна было “падгледзець” за жыццём Радзівончыка “без гальштуку”, даведаццца пра яго іншыя захапленні.

Пазнаёміліся мастаўчане і з творчасцю самога Радзівончыка як паэта, аўтара трох кніг паэзіі. Кранальныя і глыбокія вершы, прысвечаныя Году беларускай жанчыны, надалі сустрэчы асаблівую атмасферу душэўнасці і шчырасці.

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара

 


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».

Назад
Идет подписка О газете Контакты