Сёлета ўпершыню на купальскі фестываль “Александрыя збірае сяброў” былі запрошаны лепшыя майстры Мастоўскага цэнтра рамёстваў Вольга Сліж, Вольга Вайтовіч, Кліменцій Панок на чале з дырэктарам цэнтра Жаннай Новік.
Да ўдзелу ў гэтым маштабным этнафестывалі, які ўжо стаў для нашай рэспублікі брэндавым, запрашаюцца лепшыя артысты, творчыя калектывы і, вядома ж, лепшыя майстры не толькі з Беларусі, але з далёкага і блізкага замежжа.
Нашы майстры прывезлі на фестываль і прадставілі на выстаўцы амаль усе віды народных промыслаў, якія існуюць на Мастоўшчыне: тканыя, вязаныя і вышываныя вырабы, лаза і саломапляценне, вырабы са скуры і тэкстылю, славянскія лялькі-абярэгі, вырабы з дрэва, ганчарства і, вядома ж , прыгожыя купальскія вянкі, якія карысталі-ся асаблівым попытам у дзяўчат, што прысутнічалі на свяце і вырашылі, як і некалі іх бабулі, паваражыць на суджанага. А журы ацэньвала і выбірала самы арыгінальны і прыгожы купальскі вянок.
—Ад свята ў Александрыі засталіся самыя добрыя ўражанні. Было многа людзей, музыкі, майстроў са сваімі цікавымі і самабытнымі выстаўкамі, а сучаснае яркае і прыгожае, лазернае эстрадна-цыркавое прадстаўленне “Купальскі сон” варта пабачыць сваімі вачыма,”— дзеліцца ўражаннямі дырэктар цэнтра рамёстваў Жанна Лявонцьеўна Новік.
Адпачываць нашым майстрам не давялося. Адразу ж пасля прыезду з Александрыі Жанна Новік, Кацярына Басінская, Міхаіл Маскевіч і Кліменцій Панок накіраваліся на другое, яшчэ больш маштабнае свята “Славянскі базар у Віцебску”.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
На здымку: мастоўскія майстры на свяце ў Александрыі.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад