Мастоўскія таленты прайшлі ў фінал рэспубліканскага конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца-2”, які ўжо паспелі ахрысціць беларускай “фабрыкай зорак”. Гэта Яўген Бандарчык, вучань СШ №3 і Лізавета Ціцянкова, вучаніца другой гарадской школы. Конкурс праводзіцца другі год запар “Настаўніцкай газетай” і газетай «Переходный возраст».
Мастоўскія рабяты паспяхова прайшлі раённы кастынг, падобныя да якога ладзіліся амаль што ў трыццаці раёнах нашай краіны. У іх прынялі удзел каля 270 юных выканаўцаў, але ў фінал былі ада-браны толькі 50 з іх.
Цяпер разам з іншымі фіналістамі Яўген і Лізавета адправяцца у Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, дзе з 12 студзеня па 1 лютага 2012 года яны будуць займацца з прафесійнымі педагогамі па вакале, сцэнічным руху, тэхніцы маўлення, сустрэнуцца з вядомымі артыстамі, прымуць удзел у трох справаздачных канцэртах.
У размове з намі Лізавета Ціцянкова падзялілася сваімі эмоцыямі і ўражаннямі ад конкурсу, якія яе перапаўняюць да гэтага часу: “Гэты конкурс найбольш за іншыя ўразіў мяне. На ім выступалі вельмі моцныя і таленавітыя рабяты, гэта вялікая канкурэнцыя. І я надзвычай задаволена, што мне ўдалося таксама прайсці ў фінал!”.
Кожны з вас, дарагія чытачы, можа падтрымаць мастоўскіх канкурсантаў, прыняўшы ўдзел у інтэрнэт-галасаванні, якое праводзіцца на сайце www.zr.ng-press.by да 30 студзеня. Прагаласаваць таксама можна, адправіўшы на нумар 7755 СМС з нумарам фіналіста, чыё выступленне вам найбольш спадабалася. Дарэчы, лідара СМС-галасавання чакае спецыяльны прыз ад арганізатараў.
У пачатку лютага будуць падсумаваны ўсе набраныя балы і падведзены вынікі конкурсу. Пажадаем Лізавеце і Яўгену поспехаў!
А. КАНДРАТОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад