Усяго па Мастоўскім раёне ў час восеньскіх канікулаў свае дзверы адчынілі дзевяць лагераў з дзённым знаходжаннем – тры ў горадзе і шэсць у сельскіх навучальных установах. Наведваюць іх трыста вучняў рознага ўзросту ад шасці да чатырнаццаці гадоў.
Менавіта ў школьных лагерах ведаюць, як зрабіць вольны час дзяцей цікавым, займальным і карысным. Аргументаў такога выбару ў бацькоў больш чым дастаткова. Акрамя таго, што дзетвара будзе знаходзіцца пад наглядам настаўнікаў з дзевяці да шаснаццаці гадзін, пакуль мамы і таты працуюць, дык яшчэ ў кожным лагеры распрацаваны шэраг мерапрыемстваў для развіцця пазнавальных магчымасцей і творчых здольнасцей маладога пакалення.
Напрыклад, у пятай гарадской школе існуе цэлы праект пад назвай “Восеньскі калейдаскоп”, прысвечаны гэтаму прыгожаму перыяду года, восеньскім святам, гульням, песням, літаратурным творам. Як паведаміла дырэктар лагера Н.М.Чурык, раней у час восеньскіх канікулаў лагера не было. Таму разам са старшым выхавальнікам С.М. Мандзік і вырашылі прысвяціць праект восені, падчас рэалізацыі якога праводзілі такія мерапрыемствы, як “Птушыныя размовы”, “Восеньская прыгажуня”, “Экалагічная сцяжына”.
А вось у першай гімназіі чырвоным радком праз увесь праект праходзіць тэма малой радзімы. Таму і дзеці падчас мерапрыемстваў падрабязней знаёмяцца з гісторыяй сваёй краіны, свайго горада і раёна, традыцыямі беларусаў. Літаратурная гасцёўня “Твая зямля, твая Радзіма названа светла Беларусь”, музычны марафон “Песні аб Радзіме”, экскурсія “Вуліцы майго горада”, пазнавальная гадзіна “Цуды вакол нас” дазваляюць глыбей пазнаць мінулае свайго народа.
Акрамя гэтага, у кожным школьным лагеры дзейнічаюць дадатковыя заняткі па інтарэсах. Напрыклад, у пятай школе дзейнічаюць “Шлях на сцэну”, “Умелыя ручкі”, “Зрабі сам”, а ў гімназіі – “Вясёлыя ноткі” і “Танцавальная мазаіка”.
Калі я пацікавілася ў школьнікаў, ці падабаецца ім у лагеры, то яны ўсе ў адзін голас, хорам адказалі: “Так!”. А вось на пытанне «Чаму?» адказы былі розныя. Камусьці падабаецца гуляць у гульні на свежым паветры са сваім атрадам, некаторыя з цікавасцю наведваюць заняткі па інтарэсах, іншыя выбіраюць спартыўныя мерапрыемствы, а частка адзначыла, што на падвячорак атрымоўваюць смачныя стравы і свежую
садавіну.
І.Бочко
Фота аўтара
При использовании авторских материалов гиперссылка на сайт www.mosty-zara.by обязательна.
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад