Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноНаука и образованиеНаука и образование

Мастоўскія педагогі абмеркавалі задачы на новы навучальны год

Мастоўскія педагогі абмеркавалі задачы на новы  навучальны год29 августа 2018 — 13:23

Перад пачаткам навучальнага года ў Мастах прайшла раённая педагагічная канферэнцыя. На яе былі запрошаны дэлегацыі ўсіх устаноў адукацыі: настаўнікі, педагогі дадатковай адукацыі, выхавацелі, ветэраны педагагічнай працы, прадстаўнікі грамадскасці. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама М.О.Давыдзік і галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама А.Л.Кухта.

 

Перад пачаткам канферэнцыі ў фае раённага цэнтра культуры дзейнічала выстаўка, на якой былі прадстаўлены цікавыя экспанаты  з усіх устаноў адукацыі раёна. Асабліва шырока была прадстаўлена экспазіцыя эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.

 

Па традыцыі на сцэну першымі ўзыходяць паважаныя ветэраны педагагічнай працы, якія працавалі ў школах раёна не адно дзесяцігоддзе, выхавалі многія пакаленні дзяцей. Гэта А.А.Пятрашка з СШ №3, А.П.Качура з Дубненскай СШ,  М.І.Сяргей з Правамастоўскай СШ, а таксама прыёмныя бацькі  Т.А.Фядуцік, Г.П.Дубакова і Н.В.Ландзюк. Іх вітаў начальнік упраўлення адукацыі В.С.Ціхановіч.

-Я хачу ў Год малой радзімы пачаць работу нашай канферэнцыі словамі падзякі тым, хто сваёй дастойнай працай памнажае славу Мастоўскай зямлі,-сказаў Валянцін Сцяпанавіч.

 

Пра сваю мару стаць настаўнікам цікава расказалі вучні профільнай групы падагагічнага накірунку СШ №3, пераможцы злёту педагагічных класаў абласной педагагіяды “Дыялог вопыту і маладосці, навукі і практыкі”.

Затым на сцэну былі запрошаны маладыя педагогі. Ужо праз некалькі дзён яны дадуць у школах раёна свае першыя урокі. Ад імя маладых спецялістаў выступіла настаўнік замежнай мовы гімназіі №1 В.М.Халько. Валерыя Мікалаеўна адзначыла, што маладыя педагогі будуць дастойна працягваць лепшыя традыцыі адукацыі Мастоўшчыны.

Аб стане і асноўных накірунках удасканалення сістэмы адукацыі раёна гаварыў у сваім дакладзе начальнік упраўлення адукацыі В.С.Ціхановіч. Валянцін Сцяпанавіч глыбока прааналізаваў дасягнутае за мінулы навучальны год, спыніўся на недахопах, адзначыў задачы, якія стаяць перад работнікамі устаноў адукацыі. У прыватнасці, ён сказаў:

 

-У новым навучальным годзе работнікам устаноў адукацыі неабходна выкарыстаць увесь рэсурс адукацыйнай практыкі, выкарыстоўваць сучасныя педагагічныя тэхналогіі, электронныя сродкі навучання, узаемадзеянне з вышэйшымі навучальнымі установамі.

 

Жнівеньская педагагічная канферэнцыя – гэта тая пляцоўка, дзе прафесіяналы могуць падзяліцца з калегамі сваімі набыткамі, абмеркаваць хвалюючыя праблемы, выказаць прапановы па ўдаскаленні работы. Аб гэтым і вялі размову  загадчык установы адукацыі “Яслі-сад №3 г.Масты” Г.Ф.Лісаева, дырэктар Дубненскай сярэдняй школы Л.К.Пусь, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гудзевіцкай сярэдняй школы С.Г.Мармыш, намеснік дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі С.А.Бярозава, выконваючы абавязкі начальніка  інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС І.І.Ланкевіч.

Аб удасканаленні сістэмы адукацыі, новых задачах па навучанні і выхаванні дзяцей вяла размову намеснік старшыні райвыканкама М.О.Давыдзік. Марына Осіпаўна падрабязна спынілася на выхаванні кадраў педагагічных работнікаў, умацаванні дысцыпліны ва ўстановах адукацыі, падрыхтоўцы  таленавітых вучняў і іх падтрымцы, падрыхтоўцы школьнікаў да жыцця і прафарыентацыі.

 

Аб захаванні дабрабыту дзяцей, іх фізічнага і псіхічнага здароўя, новых накірунках педагагічнай дзейнасці гаварыла ў сваім выступленні галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі аблвыканкама А.Л.Кухта.

Узнагароды лепшым педагогам раёна ўручылі А.Л.Кухта, М.О.Давыдзік і В.С.Ціхановіч. Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджана дырэктар Мікелеўшчынскага вучэбна-педагагічнагаа комплексу дзіцячы сад – сярэдняя школа Н.К.Гардзіеўская, дыпломамі – загадчык аддзела эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Н.Э.Бортнік, педагогі дадатковай адукацыі Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Л.І.Глазкіна і В.В.Салановіч. Дыпломам Гродзенскага аблвыканкама ўзнагароджана сярэдняя школа №5, якая стала пераможцам абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Ганаровыя граматы Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення атрымалі Н.Э.Бортнік, педагог сацыяльны дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Л.В.Жылінская і метадыст раённага вучэбна-метадычнага камітэта М.С.Заяц.

Міністэрства адукацыі ўзнагародзіла граматамі настаўніка гісторыі сярэдняй школы №2 Н.У.Ганцэвіч, настаўнікаў пачатковых класаў з СШ №3 Т.М.Навіцкую і СШ №5 Н.У.Сукач, трэнера-выкладчыка Мастоўскай раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву В.П.Ваўлева.

 

Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама атрымалі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лунненскай сярэдняй школы І.М.Сільвановіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Гудзевіцкай сярэдняй школы С.Г.Мармыш і настаўнік фізічнай культуры і здароўя гэтай жа школы А.Р.Занеўскі, настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ №2 В.В.Старавойтава, настаўнікі працоўнага навучання і інфарматыкі гэтай жа школы Н.У.Вялічка і І.В.Шалесная.

Вялікая група педагогаў атрымала дыпломы галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама і упраўлення адукацыі райвыканкама. Сярод узнагароджаных калектывы газет СШ №3 і СШ №5, якія сталі пераможцамі абласнога конкурсу друкаваных СМІ, дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі К.Ю.Рэкуць, загадчыца Лунненскага дзіцячага сада А.В.Калецінская, дырэктар раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі І.І.Дзенісевіч, што выйшлі  пераможцамі  раённага этапу абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Кіраўнік года”, а таксама педагог дадатковай адукацыі з гэтай жа ўстановы С.С.Межань, якая стала пераможцам раённага конкурсу маладых педагогаў “Першыя крокі ў прафесію”. Дыпломам Гродзенскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту вучняў і студэнтаў узнагароджана сярэдняя школа №3, якая заняла першае места ў абласным аглядзе-конкурсе “Самая спартыўная школа”.

Пасля віншавання педагогаў добры настрой прысутным стваралі ўдзельнікі флэш-кросінгу “Наш край талентамі слаўны” з устаноў адукацыі раёна. У ім прынялі удзел танцавальныя калектывы з яслей-садоў №1 і №3 горада Масты, фіналіст пятага рэспубліканскага конкурсу “Лідэр года –2018” К. Панас і група падтрымкі з гімназіі №1, дзіцячы ўзорны тэатр-студыя “Муза”  СШ №2, настаўнік інфарматыкі, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СШ №3, пераможца абласнога, фіналіст рэспубліканскага прафсаюзнага галіновага конкурсу “Беларускі майстар -2018” І.І.Емілоўская, вакальнае аматарскае аб”яднанне “Фартуна” і танцавальны калектыў “Сузор”е”  Лунненскай сярэдняй школы.

  С.ЗВЯРОВІЧ    

  Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио