У канцы мая ў Мінску адбыўся XI Рэспубліканскі фестываль рамёстваў “Вясновы букет”. Вольга Вайтовіч на ім была ўзнагароджана дыпломам трэцяй ступені за калекцыю сваіх работ па спіральным пляценні з травы.
Мерапрыемства ў Верхнім горадзе сабрала майстроў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Рамеснікі прадставілі традыцыйныя рамёствы, такія як разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, карункапляценне, кавальская справа, выцінанка, бісерапляценне, мастацкая апрацоўку скуры, бяросты, шэрсці, ювелірнае мастацтва, пляценне з прыродных матэрыялаў і інш. Мастоўскі цэнтр рамёстваў на фестываль прадставіў калекцыі па ўсіх накірунках.
На свяце можна было пабачыць вырабы 350 майстроў народнай творчасці ў шасці намінацыях. Асабліва рыхтавалася Вольга Вайтовіч. Справа ў тым, што ў мінулым годзе ад Беларускага саюза майстроў народнай творчасці ёй паступіла прапанова падрыхтаваць неабходныя дакументы і абараніць сваю калекцыю ў тэхніцы спіральнага пляцення.
На працягу года майстар рыхтавала калекцыю: хлебніцы, падносы, сухарніцы, бочачкі, падстаўкі пад гарачае, вазы, сумачкі, капелюшы, сувенірныя падвескі і гаршочкі. Так прыемна браць у рукі прадметы хатняга побыту, створаныя з любоўю і павагай да традыцыйных промыслаў нашых продкаў, якія не толькі захоўваюць свежасць прадуктаў, але і распаўсюджваюць водар летняй травы.
Па выніках ацэнкі работ усіх майстроў, журы прысудзіла Вользе Вайтовіч дыплом трэцяй ступені і ўзнагародзіла грашовай прэміяй. Акрамя гэтага ёй уручылі пасведчанне Сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
– Мы вельмі ўсхваляваны і ўзрадаваны такой прыемнай навіной. У нашым калектыве з'явіўся першы майстар са статусам Сябра Саюза майстроў Беларусі. Мы адчуваем гонар і задавальненне ад таго, чым займаемся. Акрамя гэтага, нас заўважылі арганізатары міжнароднай Ягелонскай ярмаркі, якая праходзіць у Любліне. Яны прапанавалі нам прыехаць са сваімі творамі па спіральным пляценні (майстар Вольга Вайтовіч) і драўлянай цацкай (майстар Міхаіл Маскевіч) да іх у наступным годзе. Гэта вельмі ганарова, таму што з цэнтраў рамёстваў Гродзенскай вобласці яшчэ ніхто туды не ездзіў, – расказвае дырэктар Мастоўскага цэнтра рамёстваў Жанна Новік.
Трэба дадаць, што зараз наш цэнтр вядзе актыўную падрыхтоўку праекта “Павышэнне турыстычнай прывабнасці трансгранічнага рэгіёну шляхам захавання гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця традыцыйных рамёстваў”.
І.БОЧКО
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад