У выставачнай зале УК «Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек” 3 лістапада ў 15.00 гадзін адбудзецца адкрыццё выстаўкі творчай суполкі мастакоў “Абуджэнне”.
Ужо некалькі гадоў мастакі з Мінска і Узды Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Уладзімір Сайко і Яўген Шунейка вандруюць па Беларусі, малююць шматлікія пейзажы, партрэты, гістарычныя кампазіцыі, сюжэты з сучаснага жыцця і выстаўляюцца ў раённых цэнтрах нашай краіны. Яны шчыра лічаць, што надышоў час новага адкрыцця нашай Радзімы, якая, як ніколі раней, стала маляўнічай, прыцягальнай, добраўпарадкаванай. Рэстаўруюцца помнікі архітэктуры, аднаўляецца гістарычная памяць, квітнее сучаснае жыццё.
Мастакі суполкі “Абуджэнне” валодаюць рознымі тэхнікамі алейнага і пастэльнага адлюстравання навакольнага свету. Яны захапляюцца жывымі і непасрэднымі ўражаннямі ад малявання з натуры і могуць перадаць свае пачуцці і думкі шчырым гледачам.
Спадзяёмся, што іх творчасць будзе належным чынам успрынята і адзначана ў нашым цудоўным куточку роднага краю, а мастакі-абуджэнцы неаднойчы яшчэ завітаюць сюды са сваімі новымі натхнёнымі творамі.
Цікава, што мастакі на адкрыцці выстаўкі правядуць сваю традыцыйную “эцюдную гадзінку”. Супрацоўнікі мастоўскага музея “Лес і чалавек” рады бачыць вас на выстаўцы, якая будзе экспанавацца да 3 снежня 2016 года.
М. ЖВІРБЛЯ,
навуковы супрацоўнік УК “Мастоўскі дзяржаўны музей
“Лес і чалавек”
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад