У мінулыя выхадныя Мастоўскі цэнтр рамёстваў атрымаў дыпломы на фестывалі “Скарбы Гродзеншчыны”, які праходзіў у Свіслачы.
Дакрануцца да культуры нашых продкаў стала магчымым на IV Рэгіянальным фестывалі традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”.
Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю ў гарадскім парку Свіслачы журы конкурсаў пачало абыходзіць падворкі раёнаў. Трэба сказаць, што падворак Мастоўскага раёна вызначаўся сярод іншых выкарыстаннем толькі натуральных, прыродных і традыцыйных рэчаў для арганізацыі выстаўкі. Гэта адзначалі не толькі госці мерапрыемства, але і арганізатары, і члены журы. Дарэчы, у конкурсе падворкаў традыцыйнай культуры мастаўчане атрымалі дыплом лаўрэата II ступені.
На сваім падворку майстры праводзілі майстаркласы па спіральным пляценні з травы, ганчарству і ткацтву, якія карысталіся попытам.
Таксама цэнтр рамёстваў прывёз на конкурс калекцыю адзення традыцыйнага мастоўскага строю – жаночы і мужчынскі касцюмы, а таксама два дзіцячых. За аднаўленне і выкарыстанне старадаўніх тэхналогій падчас стварэння касцюма цэнтр быў узнагароджаны спецыяльным прызам.
Адметнасцю гэтага года стала калекцыя аксэсуараў да адзення: сумкі, паясы, упрыгожванні. Яны настолькі ўразілі членаў журы і гасцей свята, што, каб гэта была ярмарка, то ўсе яны былі б адразу раскуплены. У намінацыі “Калекцыя аксэсуараў” Мастоўскі цэнтр рамёстваў атрымаў дыплом лаўрэата
II ступені.
Але гэта не ўсе ўзнагароды. Дыплом лаўрэата I ступені фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” майстры атрымалі ў намінацыі “Лепшая рэпліка традыцыйнага строю”.
– Мы выступалі першымі ў дэфіле ў народных касцюмах. Гэта было вельмі адказна і вельмі боязна, бо не ведалі, што прадставяць іншыя ўдзельнікі. Але ўсё атрымалася, – дзеліцца дырэктар Мастоўскага цэнтра рамёстваў Жанна Новік. – Рыхтаваліся да фестывалю загадзя і вельмі адказна. Аднак часу, як заўжды, не хапала, бо ўдзельнічалі ў фестывалях “Александрыя”, “Славянскі базар” і адначасова працуем над праектам па трансгранічнаму супрацоўніцтву. Складана, але ў нас інакш і не атрымліваецца.
І. БОЧКО
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад