Падчас асенніх школьных канікул актывізавалася работа па правядзенні майстар-класаў у Мастоўскім цэнтры рамёстваў.
--Майстар-класы праводзяцца па самых розных накірунках дзейнасці не толькі ў час канікул, а на працягу ўсяго года. Па папярэдняй дамоўленасці прыходзьце да нас у любы зручны для вас час, -- запрашае ў цэнтр нераўнадушных да народных рамёстваў яго дырэктар Жанна Лявонцьеўна Новік.
Запрашаюцца асвойваць рамёствы не толькі школьнікі, але і дарослыя. З гэтай мэтай у цэнтры арганізаваны курсы па пляценні з саломы, лазы, травы, па вырабу драўляных цацак, славянскіх і інтэр’ерных лялек, рукадзеллю і многім іншым. Заняткі праводзяцца з улікам узросту, інтарэсаў і складанасці майстар-класа, яго цана вагаецца ад двух да шасці рублёў. Майстар-класы звычайна праходзяць у выставачнай зале цэнтра, дзе жадаючыя могуць не толькі павучыцца, але і ацаніць работы народных умельцаў, якія дэманструюцца на выстаўках.
Каб пазнаёміцца з работай мясцовых майстроў, у час асенніх канікул наш цэнтр наведалі вучні другога і чацвёртага класаў гімназіі №2 г. Ваўкавыска. Рабяты прынялі ўдзел у майстар-класах па вырабу славянскіх лялек і абярэгаў з травы. Сваё майстэрства хлопчыкам і дзяўчынкам з Ваўкавыска перадавалі Вольга Сліж і Вольга Вайтовіч.
25 лістапада плануецца правядзенне ў цэнтры платнага майстар-класа па вышыванні атласнымі стужкамі ад Таццяны Войшніс з Мінска.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад