Ураджай будучага года закладваецца ўжо зараз, гэтымі пагодлівымі вераснёўскімі днямі. Нездарма ж у народзе кажуць: “Сей у добрую пару – збярэш хлеба гару”. Добра разумеюць гэта і ў гаспадарках раёна. Першымі сёлета пачалі азімую сяўбу ў сельгаскааператыве “Азяранскі”. За чатыры дні тут было пасеяна 180 гектараў азімай трыцікале, а азімы клін у СВК – адзін з самых вялікіх у раёне, і складае 2040 гектараў. Усяго ж у раёне азімыя культуры будуць пасеяны на плошчы ў 11 150 гектараў.
Землі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Азяранскі” пачынаюцца акурат за Малькавічамі. Мясціны тут грыбныя, таму разпораз на ўскрайку лесу сустракаем аўтамабілі, што застылі ў чаканні сваіх гаспадароў – заўзятых грыбнікоў. Наш жа інтарэс у гэтым грыбным краі іншы. Мы накіроўваемся за Курылавічы, дзе, па словах загадчыцы ўчастка СВК “Азяранскі” Людмілы Паўлаўны Васілеўскай, распачаты работы па сяўбе азімай трыцікале.
Ужо здалёк заўважаем магутны “Джон-Дзір” з прычэпленай шасціметровай сеялкай. Гэта працуе мясцовы механізатар Віталь Анатольевіч Тур. -- Хочацца, каб у наступным годзе ўраджай такім жа быў, як і сёлета, таму стараемся, бо патрабаванні да якасці сяўбы прад’яўляюцца высокія, адзначае Віталь Анатольевіч. У гаспадарцы ён працуе ўжо восем гадоў, і ўвесь час на “Джон-Дзіры” – дыскуе поле пасля ўбранага зерня, арэ ворыва, заняты на сяўбе азімых і яравых культур.
-- На камбайн на час уборкі не пераходзіце? – цікавімся ў суразмоўцы. -- А хто ж дыскаваць будзе? – пытаннем на пытанне адказвае механізатар. – Камусьці трэба і на трактары працаваць, рыхтаваць глебу да чарговай сяўбы. -- А ці ёсць работа, да якой найбольш душа ляжыць? – дапытваемся ў земляроба.
-- Ёсць такая, -- шчыра прызнаецца Віталь Анатольевіч. – Араць люблю. Вось уяўляеце: стаіць некранутае поле, а пройдзеш плугам па ржышчы – і глыбокі чорны след застаецца – вынік тваёй работы.Больш затрымліваць механізатара размовамі не маем права – яго чакае трактар і поле, гатовае прыняць новае зерне. Дарэчы, суседняя ніва, ужо засеяная рапсам, таксама плён працы руплівага вяскоўца. Яшчэ ён нядаўна працаваў на сяўбе люцэрны.
Разам з Віталем Анатольевічам Турам на сяўбе заняты і вадзіцель Міхаіл Леанідавіч Доста. Ён падвозіць і напаўняе сеялку насеннем.
У цэлым, як адзначыўнамеснік старшыні СВК «Азяранскі» Валянцін Андрэевіч Нагуй, сяўба азімых у гаспадарцы вядзецца арганізавана – маецца падрыхтаванае для гэтых мэтаў насенне, тэхніка і вопытныя старанныя механізатары. Сумленна і якасна выконваюць сваю справу Віталь Анатольевіч Тур, Анатоль Мікалаевіч Дудко, Аляксандр Мікалаевіч Доста. Асноўныя плошчы азімага кліна ў сельгаскааператыве «Азяранскі» адведзены пад азімую трыцікале 900 гектараў, крыху менш 500 гектараў зойме азімая пшаніца. Усяго толькі на 57 працэнтах азімага палетка, на лёгкіх глебах будзе пасеяна азімае жыта. Пасяўныя работы ў гаспадарцы плануюць завяршыць да 25 верасня.
Н.ШЭЎЧЫКНа палях і сенажацяхПа дадзеных райсельгасхарчу на раніцу 5 верасня, азімыя былі пасеяны на плошчы ў 439 гектараў. Да сяўбы азімай трыцікале прыступілі земляробы СВК «Азяранскі», філіяла «Дубна», ААТ «Чарлёна», РУСП «Мастаўчанка». Механізатары ЗАТ «Гудзевічы» пачалі сеяць азімую пшаніцу. Разам з тым, працягваецца ўборка бульбы. Яна ўжо выкапана з 39,9 гектара. На бягучым тыдні ў сельгасгаспадарках «Дубна», «Азяранскі» і «Чарлёна» былі ўбраны першыя гектары цукровых буракоў, якімі ў раёне сёлета занята 2 295 гектараў. Распачаты работы па ўборцы кукурузы на сілас, зялёны корм і зерне. На сілас і зялёны корм нарыхтавана 4640 тон кукурузы, што была ўбрана са 144 гектараў. На зерне кукурузу ўбіраюць пакуль толькі ў ЗАТ «Гудзевічы».
Н. БЯЙДУК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад