Падведзены вынікі раённага конкурсу на лепшы аўтарскі верш да 530-годдзя горада Масты “Пра цябе свае вершы складаю...” Ініцыятарам яго правядзення выступіла Мастоўская раённая агранізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
Пераможцам творчага конкурсу была прызнана Галіна Іосіфаўна Васілеўская, што жыве у вёсцы Масты Левыя, а працуе ў раённай бібліятэцы. Прызёрамі сталі мастаўчанка, работніца Мастоўскай раённай бальніцы Людміла Віктараўна Гайдаш і жыхарка вёскі Дарагляны, настаўніца Мілявіцкага дзіцячага сада—сярэдняй школы Вера Уладзіміраўна Пашкевіч.
Самая юная ўдзельніца -- сямікласніца Лунненскай сярэдняй школы Ксенія Навіцкая, якая не толькі складае вершы, але любіць чытаць, маляваць і наведвае танцавальны гурток.
Усяго ж у конкурсе прынялі ўдзел пятнаццаць аўтараў, што пішуць аб родным краі, яго багатай гісторыі і самабытнай культуры, знакамітых земляках, захапляючай прыродзе і славутасцях. Гэта Зоя Мікалаеўна Касьяновіч, Таццяна Іосіфаўна Абухоўская, Галіна Сяргееўна Ганчар, Людміла Станіславаўна Лучко, Ірына Францаўна Шэйно, Наталля Васільеўна Маршалкевіч, Ірына Феліксаўна Якубец, Алена Мар’янаўна Герасімава, Мікалай Пятровіч Іваноўскі, Надзея Віктараўна Заяц, Юлія Будзько.
-- Мы вельмі ўдзячны ўсім удзельнікам конкурсу, таленавітым людзям нашай мастоўскай зямлі за творчасць і любоў да роднай Мастоўшчыны, да нашага такога сталага і адначасова маладога горада Масты. Усе прадстаўленыя творы заслугоўваюць увагі, бо напісаны ад душы, аб тым, што блізка і дорага кожнаму жыхару Мастоўскага раёна, -- выказала словы падзякі страшыня Мастоўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, старшыня журы Марына Осіпаўна Давыдзік.
Нагадаем, што ў суботу, 27 жніўня, падчас святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 530-годдзю горада Масты, адбудзецца ўзнагароджванне пераможцы і прызёраў конкурсу. Пачуць лепшы верш аб нашым райцэнтры можна будзе з галоўнай сцэны свята ў аўтарскім прачытанні.
Н.ШЭЎЧЫК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад