12 снежня адбылося адкрыццё выставы зэльвенскага майстра Ліліі Амяльянчык, якая ўжо вось 20 год як паглыбілася ў тую галіну мастацтва, што пусціла карані ў сівую даўніну, ‒ саломапляценне.
Яго гісторыя пачынаецца больш за дзве тысячы гадоў таму ‒ тады ўсходнія славяне зразумелі, што з непатрэбных рэштак калоссяў можна рабіць і капелюшы, і посуд, і нават адзежу. Аднак росквіт гэтай галіны мастацтва адбыўся ў мінулым стагоддзі, а ўжо ў стагоддзі гэтым, у снежні 2022 года, саломапляценне Беларусі ўключылі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.
Што тычыцца Ліліі Амяльянчык, то яна і саломапляценне, як ўзгадвае сама жанчына, ‒ гэта любоў з першай саломінкі, за якую Лілія з радасцю ўхапілася ‒ і адкрыла для сябе новы свет. Але ж, на жаль, амаль 18 год саломапляценне для яе было творчай дзейнасцю ў вольны час, бо вакансій у вясковай мясцовасці не было. І толькі два гады таму яна вярнулася да любімай справы.
У творах Ліліі Мікалаеўны выразна адчуваюцца беларускія матывы: на выставе можна ўбачыць шмат антрапаморфных фігур, якія сімвалізуюць значныя святы для нашых продкаў ‒ ад Вялікадня да свята новага ўраджаю. Знайшлося месца і традыцыйным для сучаснага саломапляцення сувенірным упрыгожванням, і нават посуду, у які так і хочацца пакласці хлеб ці пасвенчаныя яйкі.
На сценах можна ўбачыць гэтак званы вянец калекцыі: інкруставаныя і аздобленыя саломай пано ‒ вынік доўгай і плённай працы, дзе кожная памылка можа зруйнаваць твор, і на яго ўдасканальванне майстар можа патраціць дзясяткі гадзін.
Як жартуе Лілія Мікалаеўна, сыравіну для сваёй творчасці яна пачынае рыхтаваць адначасова з аграномамі: пытае ў іх, дзе ў наступным годзе яны будуць сеяць жыта. Потым ужо ездзіць на ровары па палях, збірае калоссе, а ўжо потым бярэцца за справу. З саломай “новага ўраджаю” Лілія прыехала і да нас, каб правесці для ўсіх жадаючых майстар-клас па саломапляценні. Ужо праз некалькі хвілін умелыя рукі з саломы, ніткі ды іголкі зрабілі невялічкі званочак ‒ гатовае ўпрыгожванне для вашых навагодніх ялінак.
Усе жадаючыя могуць наведаць выставу на працягу яшчэ двух тыдняў: яна будзе працаваць у зале аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў па 29 снежня.
Віктар МОХАНЬ
Фота аўтара
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад