Заря над Неманом Идет подписка О газете Контакты

Масленічныя гульні і забавы, смачныя бліны, ласункі ў выглядзе сонейка – у Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” ладзяць вясёлае свята для дзяцей і дарослых

Масленічныя гульні і забавы, смачныя бліны, ласункі ў выглядзе сонейка – у Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” ладзяць вясёлае свята для дзяцей і дарослых16 февраля 2026 — 15:56

16 лютага пачаўся Масленічны тыдзень і працягнецца ён па нядзелю, 22 лютага. Здаўна гэтае вясёлае свята сімвалізавала провады зімы і сустрэчу вясны і святкавалася за тыдзень да пачатку паста перад Вялікаднем. У розных рэгіёнах Беларусі святкавалі Масленіцу па-рознаму: хтосьці частаваўся блінамі ўжо з панядзелка, а іншыя трывалі да чацвярга, калі пачыналася шырокая Масленіца.

Кожны дзень Масленічнага тыдня мае сваю назву і абрадавае значэнне і патрабуе вызначаных дзеянняў. Нашы продкі казалі так: хто не весяліцца на гэтым тыдні, той пражыве год бязрадасна. Ва ўсе гэтыя дні гаспадыні гатавалі шмат рознай ежы, асабліва бліноў, аладак, бублікаў. Лічылася, што калі есці круглыя прысмакі, то гэта быццам бы дапамагае сонцу хутчэй рухацца па крузе, узыходзіць усё вышэй і тым самым паскорыць надыход вясны.

Даведацца пра традыцыі святкавання Масленіцы на Мастоўшчыне, стаць удзельнікам вясёлых забаваў і гульняў, пакаштаваць смачных бліноў, загадаць жаданні і набыць ласункі ў выглядзе сонейка для родных і сяброў – усё гэта прапануе мастаўчанам Мастоўскі дзяржаўны музей “Лес і чалавек”, дзе штодня ладзіцца мерапрыемства “А мы Масленку чакалі!”. Адны з першых наведалі музей пачаткоўцы гімназіі №1 г. Масты імя Д. І. Валковіча.

Вядучыя святочнай тэатралізаванай імпрэзы (ролю якіх выконваюць супрацоўнікі музея Марына Жвірбля і Святлана Рагацэвіч) расказваюць дзецям, што Масленіца была ледзь не самым любімым святам нашых продкаў. Сапраўды, выдумак і штукарства на свята хапала: ладзілі гульні, ездзілі на конях, каталіся на санках з гары. Дзяўчаты насілі хусткі з доўгімі махрамі, каб лён быў доўгім і ўрадлівым. Хадзілі адзін да аднаго ў госці, спявалі, танцавалі, а моладзь паўтарала каляднае гулянне, у якім прымалі ўдзел персанажы з калядоўшчыкаў.

З далёкіх часоў існуе і абрад спальвання пудзіла Масленіцы. Казалі, што разам з ім у агні згараюць усе турботы, а яшчэ лічылася: чым ярчэй пылае вогнішча – тым хутчэй у свае правы ўступіць вясна, каб парадаваць нас цёплым сонейкам і падараваць надзею на лепшае.

А вось апошні дзень Масленічнага тыдня меў назву “Прабачальная бяседа”. У гэты вечар усе родныя прасілі адзін у аднаго прабачэння за тое, што, можа, пакрыўдзілі калі справай ці словам. А назаўтра пачынаўся пост, асноўным заняткам якога было ткацтва. У кожнай сялянскай хаце стаялі кросны і да Вялікадня трэба было выткаць усё неабходнае.

Юныя гімназісты з задавальненнем сталі ўдзельнікамі масленічных забаў, што ім прапанавалі супрацоўнікі музея. Рабяты загадвалі жаданні і павязвалі на драўлянае кола рознакаляровыя стужкі, спрытна плялі косы з ільну, праявіўшы вынаходлівасць, стараліся патрапіць валёнкам у кошык, умела пераносілі бліны ў патэльні, гулялі з абручамі  – адным словам, весела і дружна бавілі час.

Таксама школьнікам быў прадэманстраваны майстар-клас па вырабу сонейка з паперы. Паўтарыць нескладаныя дзеянні яны змогуць на ўроках працы, а пасля сваімі вырабамі ўпрыгожаць свой пакой ці вазон.

Завяршальны этап мерапрыемства атрымаўся яшчэ і вельмі смачным: кожны ўдзельнік у знак удзячнасці за актыўнасць, спрыт і вынаходлівасць, весялосць і радасныя ўсмешкі атрымаў свежапрыгатаваны блін. Толькі паглядзіце, з якім апетытам дзеці каштуюць сімвал Масленіцы і сонейка!

Наталля ШЭЎЧЫК

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка О газете Контакты