Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноМолодёжьМолодёжьСоциумОбщественная жизньСоциумКультураНаука и образованиеНаука и образованиеБлоги наших журналистовНаталья ШевчикГод качестваГод мира и созидания

Масавыя “чысткі” і “акцыі ўціхамірвання” насельніцтва Гродзеншчыны: аб чым расказвае перасоўная выстаўка ў Мастоўскім музеі “Лес і чалавек”

Масавыя “чысткі” і “акцыі ўціхамірвання” насельніцтва Гродзеншчыны: аб чым расказвае перасоўная выстаўка ў Мастоўскім музеі “Лес і чалавек”06 апреля 2023 — 09:07

Выстаўка прыехала ў Масты з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і працягнецца да сярэдзіны красавіка.

Ужо другі тыдзень у Мастоўскім дзяржаўным музеі “Лес і чалавек”, дзе размясцілася перасоўная выстаўка “Генацыд на Гродзеншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, – чарада наведвальнікаў. Кадры фотахронікі з карных аперацый фашыстаў, лагераў і гета, што размяшчаліся на тэрыторыі вобласці падчас нямецкай акупацыі, карта спаленых вёсак, мемарыялы на месцы папялішчаў – усё гэта расказвае пра страшны перыяд у жыцці нашых землякоў, калі проста так маглі забіць, спаліць, закапаць жывымі… Бо хтосьці вырашыў, што адна раса вышэйшая за іншых, што яе прадстаўнікам дазволена чыніць тэрор, знішчаць усё жывое…

Страшна… Жудасна… Балюча…

– Больш за тры гады тэрыторыя Гродзенскай вобласці знаходзілася пад акупацыйным рэжымам. Немцы займаліся масавымі “чысткамі”: забівалі камуністаў, камсамольцаў, прадстаўнікоў улады, інтэлігенцыю. З асаблівай жорсткасцю яны знішчалі яўрэяў, цыган, людзей з фізічнымі і псіхічнымі адхіленнямі. Гета, турмы, канцэнтрацыйныя лагеры былі арганізаваны паўсюль. Фашысты чынілі не толькі фізічныя расправы. Жыхароў рэгіёна масава вывозілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну, стваралі невыносныя ўмовы для жыцця. Да выканання распраджэнняў нямецкай адміністрацыі прыцягваліся таксама падраздзяленні мясцовай паліцыі, а акцыі знішчэння праводзіліся спецыяльнымі камандамі, якія складаліся часткова з салдат СД, але ў асноўным з літоўскай, латышскай і эстонскай паліцыі, – знаёміць з выставай юных мастаўчан дырэктар музея “Лес і чалавек” Наталля Пуцілоўская.

Дзеці спачатку зацікаўлена ўглядаюцца ў фотаздымкі. Праз некаторы час хтосьці пад уплывам жудасных сцэн ціхенька войкае і адыходзіць, хтосьці закрывае вочы і твар рукамі – страшна!..

Заложнікі смерці

Нямногія ведаюць, што на ўскрайку Гродна на плошчы каля 50 гектараў з верасня 1941 года знаходзіўся шталаг №324 (канцэнтрацыйны лагер для ваеннапалонных). Каля комплексу старых казармаў ваеннага гарадка Фолюш калючым дротам быў абгароджаны ўчастак поля, які стаў магілай для дзясяткаў тысяч байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі, якія паміралі ад ран, голаду і хвароб, ад рук нямецкіх катаў. У лагеры вязнямі былі выкапаны 96 паўзямлянак, кожная памерам 6*25 метраў і вышынёй 3 метры. Тут яны і жылі.

– Самі ўмовы існавання ў лагеры рабілі палонных чырвонаармейцаў заложнікамі смерці. Зімой 1941-1942 гадоў у лагеры бушаваў сыпны тыф, дызентэрыя. Дрэннае харчаванне толькі набліжала гібель. Калі ў зямлянцы ўспыхвалі выпадкі тыфу, каранцін уводзілі на ўвесь блок, які складаўся з чатырох зямлянак. Такім чынам захворвалі ўсе, і ў выніку мала хто заставаўся жывым, – працягвае расказ Наталля Анатольеўна. – Усяго ў лагеры на Фолюшы па розных звестках загінула ад 14 да 18 тысяч чалавек. А прайшло праз лагер 36 тысяч палонных.

“Акцыі ўціхамірвання”

Яшчэ адной з распаўсюджаных практык рэалізацыі палітыкі генацыду на беларускай зямлі сталі карныя аперацыі, якія ў нямецкіх дакументах фігурыравалі як “акцыі ўціхамірвання”.

Так у нашым раёне разам з жыхарамі была знішчана вёска Княжаводцы. Калі пасля вайны была праведзена эксгумацыя магіл, пад целам адной жанчыны знайшлі целы двух яе маленькіх дачок, якія не загінулі ад куль, а задыхнуліся пад зямлёй.

На прадстаўленых у музеі стэндах – арыгінальныя фотаздымкі, зробленыя нямецкім салдатам падчас знішчэння Княжаводцаў. На іх карнікі смяюцца, жартуюць, кормяць выпечаным мясцовымі гаспадынямі хлебам коней. А літаральна за некалькі метраў, за кадрам фотаапарата, паміраюць сотні ні ў чым не вінаватых людзей…

Зверствы фашыстаў не ведалі межаў. Так, у вёсцы Шчара Мастоўскага раёна за сувязь з партызанамі былі расстраляны 85 чалавек, у асноўным жанчыны, дзеці і старыя. Аказалася, што многія былі закапаны ў агульную магілу жывымі, з завязанымі вачыма.

“Не” – фальсіфікацыі падзей вайны

7 красавіка 2021 года Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь узбуджана крымінальная справа на аснове артыкула 127 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па фактах учынення генацыду жыхароў Беларусі нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, а таксама незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд.

З моманту ўзбуджэння крымінальнай справы членамі следчай групы Гродзенскай вобласці дапытана звыш 1400 асоб, у тым ліку больш за 700 сведкаў і відавочцаў фактаў генацыду насельніцтва, каля 500 вязняў канцлагераў і іх сваякоў. Устаноўлены факты знішчэння населеных пунктаў, якія не знайшлі адлюстравання ў вядомых гістарычных дакументах, выяўлена і агледжана больш за 50 раней невядомых месцаў пахаванняў. І работа гэта працягваецца.
Наталля ШЭЎЧЫК

Фота Вольгі Хальцовай

#генацыд #музей #Мастоўшчына


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио