Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноСоциумОбщественная жизнь

Маршрутам знаёмых мясцін

Маршрутам   знаёмых   мясцін05 декабря 2017 — 11:53

Часам, каб атрымаць новыя ўражанні і зрабіць цікавыя адкрыцці, не трэба далёка ехаць. Нязведанае і адмысловае можа чакаць нас на суседняй вуліцы ці за знаёмым паваротам. Нядаўна ў гэтым упэўніліся кіраўнікі школьных музеяў падчас раённага метадычнага аб’яднання, што ладзілася на базе Мікелеўшчынскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. А каб настрой не сапсавала восеньская непагадзь, мы падарожнічалі на школьным аўтобусе.

 

Першым прыпынкам нашай незвычайнай экскурсіі, якую ўдала правялі члены аб’яднання па інтарэсах “Юныя экскурсаводы” Віялета Максакава і Надзея Строк, стала вёска Дашкаўцы. Менавіта ў ваколіцах гэтага населенага пункта 19 красавіка 1973 года разбіўся самалёт, загінулі лётчыкі А.М.Велігура і Ю.З Бокаў. Яны змаглі адвесці машыну ад вёскі, чым выратавалі дзясяткі чалавечых жыццяў. У падзяку за гэта на месцы катастрофы быў устаноўлены помнік мужным і адважным лётчыкам.


Шматлікімі таямніцамі авеяны наступны пункт падарожжа – гэта нямецкія могілкі часоў Першай сусветнай вайны. У 60-ыя гады мінулага стагоддзя мясцовыя хлапчукі не раз адкопвалі ў заросшых мурагом акопах патроны і іншыя сведкі баявых дзеянняў. Устанавіць дакладна, якія вайсковыя адзінкі супрацьстаялі, зараз вельмі складана, а вось дату тых баёў назваць можна. Пра тое сведчаць надпісы на ма-гілах загінуўшых салдат: 15-19 верасня 1915 года.


У аграгарадку Мікелеўшчына мы разам з гасцямі наведалі вуліцу Школьную, назву якой дала мясцовая школа. Дарэчы, двухпавярховы цагляны будынак навучальнай установы адкрыў свае дзверы для вучняў у 1981 годзе, а да гэтага школа размяшчалася ў драўляным памяшканні.


Невялікі экскурс у гісторыю вёскі, расказ пра яе назву і жыхароў, калгас імя Чапаева, што быў арганізаваны тут у 1950 годзе, ненадоўга перанёс усіх у мінулае. Зараз у аграгарадку жыве 449 жыхароў. На варце іх сацыяльна-бытавых запытаў – фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, дзіцячы сад – сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт, клуб, бібліятэка.


Праз вокны аўтобуса мы пазнаёміліся з касцёлам пад тытулам Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе зерне веры сее ксёндз Рышард Якубец. Варты ўвагі і мясціны, дзе ў пачатку XIX стагоддзя размяшчалася сядзіба Андрэйкавічаў. На жаль, да нашых дзён нічога не захавалася. Ёсць у аграгарадку свой музей ад цэнтра рамёстваў, якім кіруе Міхаіл Мар’янавіч Маскевіч.


Шмат загадак утойвае ў сабе і вёска Алешавічы, вядомая найперш тым, што калісьці тут знахо-дзіўся шыкоўны маёнтак паноў Незабытоўскіх. Сёння пра яго нагадваюць толькі былыя панскія ставы, двух’ярусны лямус, канюшня і млын, ды яшчэ некалькі векавых таполяў, праз якія ішоў шлях да будынка сядзібы. У нашым музеі захоўваюцца такія цікавыя экспанаты, як імбрык – чайнік, заварнік, зроблены са срэбнага сплаву, а таксама цуглі – частка конскай вупражы, аброці. У свой час яны былі знойдзены на месцы былога маёнтка.


А летам 2014 года падчас правядзення земляных работ па пашырэнні вадаёма, дзе раней знаходзіліся панскія ставы, коўш экскаватара натыкнуўся на дзіўны прадмет – дзесяціметровае пустацелае бервяно. Адзін яго канец быў завостраны пад конус, другі – пад раструб, што сведчыць аб тым, што гэта частка тагачаснай дрэнажнай сістэмы ці сучаснага вадаправода.
Так, шмат яшчэ таямніц захоўвае наша зямля. Трэба толькі ўмець убачыць іх, пачуць ад старэйшых, запомніць і перадаць нашчадкам, што і робім мы разам з удзельнікамі нашага аб’яднання па інтарэсах.

Т.КАНДРАТОВІЧ,
кіраўнік музея Маці
Мікелеўшчынскага дз/с — СШ


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио