Выстаўка творчых работ канкурсантаў з Мастоўскага, Шчучынскага, Навагрудскага, Дзятлаўскага і Гродзенскага раёнаў “Маладыя таленты Панямоння” ладзіцца ў раённым цэнтры рамёстваў з 8 па 30 ліпеня. Вырабы з саломкі, кераміка, жывапіс, тэкстыль, вышыўка, інтэр’ерныя лялькі, выбіванкі з Навагрудччыны, што занесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцей Беларусі, цікавыя рэчы, выкананыя ў змешанай тэхніцы — усяго 160 работ маладых майстроў прадстаўлены на выстаўцы, прымеркаванай да Году моладзі.
Як адзначыла дырэктар Мастоўскага цэнтра рамёстваў Жанна Лявонцьеўна Новік, выстаўка ў Мастах мае занальны маштаб. Такія ж праходзяць яшчэ ў Лідзе і Росі, дзе прадстаўлены астатнія раёны Гродзеншчыны.З мэтай ацаніць творчы патэнцыял пачынаючых майстроў і мастакоў выстаўку наведала кампетэнтнае журы. Вынікі будуць падведзены напрыканцы ліпеня ў шматлікіх намінацыях.
Будзем спадзявацца, што ў лік намінантаў трапяць і нашыя землякі. Гэта Клім Панок і яго арыгінальныя керамічныя вырабы; Вольга Альховік, што займаецца саломапляценнем; Яніна Маскевіч, якая выстаўляла вышыўку, жывапіс і работы ў тэхніцы квілінгу, а таксама Лізавета Новік і яе погляд на свет праз жывапіс, тэкстыль і вышыўку.
Н.БЯЙДУК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад