У ліку іншых маладых спецыялістаў прыехала на працу ў наш раён у мінулым годзе Таццяна Вяроўчык. Як і для многіх яе калег, так і для самой дзяўчыны, тут усё было новым і невядомым. З хваляваннем яна прыйшла на свой першы ўрок у якасці настаўніцы гісторыі ў Рагозніцкую СШ. Не расчаравалася. Ёй вельмі падабалася працаваць з дзецьмі, ды і сама школа з цягам часу стала як родная. Вельмі добры калектыў настаўнікаў і дзяцей падабраўся тут.
Сама Таццяна родам са Слонімскага раёна. Пасля заканчэння ГрДзУ імя Я. Купалы, дзе вучылася на факультэце гісторыі і сацыялогіі, яна трапіла на Мастоўшчыну па размеркаванню. Зараз яна не толькі вядзе ўрокі гісторыі, а яшчэ працуе педагогам-арганізатарам, з”яўляецца класным кіраўніком, сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ.
За кароткі прамежак часу Таццяна ўжо мае пэўныя набыткі. У мінулым годзе яе школьная пярвічка была ўзнагароджана райкамам БРСМ за ўдзел у акцыі “Добрае сэрца”. Пад кіраўніцтвам Таццяны вучні правялі кірмаш і на выручаныя грошы купілі канцылярскія тавары, якія адвезлі ў дзіцячы сацыяльна-педагагічны цэнтр.
Нядаўна першы сакратар РК БРСМ Дзм.В. Невяртовіч уручыў ёй яшчэ адну ўзнагароду – падзяку за актыўны ўдзел у арганізацыі правядзення Усебеларускай акцыі “Пытанне Прэзідэнту”.
Пра Таццяну расказваюць як пра вельмі адказнага і стараннага чалавека, які заўсёды дакладна і своечасова выконвае тое, што ад яе патрабуецца. Маладая настаўніца ўдзельнічае ў многіх мера-прыемствах, займае актыўную грамадскую пазіцыю. Калі ў Мастах праводзіўся конкурс сярод настаўнікаў-стажораў “Стажор 2010”, Таццяна таксама прыняла ў ім удзел і заняла трэцяе месца.
Маладая настаўніца задаволена тым, што яна робіць. Больш за ўсё, канешне, ёй падабаецца вучыць дзяцей гісторыі, але і праца педагога-арганізатара даволі цікавая. Хутка ў Таццяны скончыцца тэрмін абавязковай адпрацоўкі па размеркаванню, але настаўніца не надта жадае развітвацца з Рагозніцкай школай і спадзяецца, што будзе працаваць там і далей.
А. КАНДРАТОВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад