Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноЛюди нашей МостовщиныЛюди нашей Мостовщины

Майстрыха на ўсе рукі

Майстрыха на ўсе рукі16 сентября 2014 — 10:00

У мастаўчанкі Ганны Эдуардаўны Астап можна браць урокі рукадзелля. Яна ўмее літаральна ўсё: шыць і вышываць, вязаць пруткамі і кручком, ткаць і прасці. У свой час яна нават за плугам хадзіла і касіла. А яшчэ ездзіла на матароўцы, удзельнічала ў тэлеперадачы “Вячоркі” і паў-Беларусі аб’ехала разам з хорам ветэранаў раённага Дома культуры. У назначаны дзень і час завітваю да Ганны Эдуардаўны дамоў. Гаспадыня запрашае ў пакой, дзе паўсюль – плён яе працавітых руплівых рук. Вось саматканыя посцілкі з адмысловымі птушкамі, статнымі жывёламі і ўласным аўтографам майстрыхі, а вось ручнікі, аздобленыя прыгожымі вышыванымі кветкамі, і ажурныя сурвэткі – творчы саюз нітак, фантазіі і ўмелых рук.

— Нарадзілася я ў вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна, у вялікай сям’і, — расказвае наша субяседніца. – Дванаццаць нас маці нарадзіла, праўда, жыць засталося толькі дзевяцёра: пяцёра братоў і чацвёра сясцёр. З маленства мы былі прывучаны да працы, дапамагалі старэйшым. Яшчэ цяжэй стала, калі маці памерла пасля хваробы. Ды і самі мы моцна хварэлі – тыф падкасіў. Але, як кажуць, Бог на жыццё даў – усе выкарасталіся, выжылі. Цяжкасці быццам загартавалі нас, мы сталі мацнейшыя і дружнейшыя. І ў бядзе адзін аднаго дагэтуль падтрымліваем, і ў радасці, хоць многіх ужо няма на гэтым свеце...

Менавіта тады, будучы яшчэ дзяўчынай, працавітай і дасціпнай, якая не цуралася аніякай работы, Ганна Эдуардаўна навучылася і на кані вярхом ездзіць, і за плугам хадзіць, каб пасадзіць ці выгараць бульбу, і з касой упраўляцца не горш за мужчын.

-- А прасці і ткаць хто Вас навучыў? – цікаўлюся ў жанчыны.— Ніхто, сама да ўсяго дайшла, — адзначае майстрыха. – У мяне такі характар: што б ні ўбачыла прыгожае, будзь то сукенка ці посцілка, абавязкова такую ж зраблю. Праўда, цяпер ужо і зрок пагоршыўся, і пальцы не слухаюцца, а як маладзейшая была – магла і ноччу ткаць, так цікава мне было.

Доўгі час майстрыха супрацоўнічала з раённым цэнтрам рамёстваў, ні адзін раз давала майстар-класы па ткацтву, удзельнічала ў разна-стайных святах і выстаўках.  Было і такое, што школьнікі прыходзілі да Ганны Эдуардаўны, каб пераняць сакрэты яе ўмельства.

-- Нават хлопчыкі цікавіліся гэтым рамяством, — заўважае наша суразмоўца. – У некаторых дзяўчынак дык нават вельмі добра атрымлівалася. А вось мае ні дзеці, ні ўнукі, на жаль,  не навучыліся з кроснамі ўпраўляцца, іншыя ў іх інтарэсы.

Жанчына расказала, што разам з мужам Іванам Вацлававічам, які ўсё жыццё адпрацаваў станочнікам на адкрытым акцыянерным таварыстве “Мастоўдрэў”, яны выгадавалі дваіх дзяцей, маюць траіх унукаў, прычакалі пяцёра праўнукаў. Даглядаюць агарод, яшчэ нядаўна трымалі коз.

-- Я з казінага малака сыр рабіла і нават масла збівала, — распавядае пра хатнія клопаты Ганна Эдуардаўна. – Ніхто не верыў, што масла можна збіць, а ў мяне атрымлівалася.Гледзячы на гэтую рухавую гаваркую жанчыну са стройнай, амаль дзявочай постаццю і пафарбаванымі валасамі, цяжка ўявіць, што днямі яна адсвяткавала 80-гадовы юбілей. Дык вось пра каго сказана, што яе ўзрост вымяраецца не пашпартнымі даннымі, а бадзёрасцю духу і станам душы!..

-- Калі муж пачынае цяжка ўздыхаць і скардзіцца на здароўе, я кажу: “А мне нічога не баліць, і я пайду на танцы”, — вымаўляючы гэтыя словы, Ганна Эдуардаўна выпрастоўваецца як струначка.— А што і, праўда, ходзі-це на танцы? – з недаверам пытаюся ў суразмоўцы.

— Хаджу. У раённым Доме культуры па нядзелях вечары адпачынку “Для тых, каму за...”арганізоўваюцца. Вось туды і хаджу. Хоць і ў спіне паколвае, і нага баліць, але ўпэўнена, што пакуль чалавек рухаецца – ён жыве, — адстойвае свой пункт гледжання жанчына.

Нам, больш маладому пакаленню, застаецца толькі павучыцца ў нашых бабуль і дзядуль уменню пераадольваць цяжкасці, захоўваць працаздольнасць, цікавасць да жыцця, бадзёрасць і энергію душы на працягу ўсяго зямнога шляху, што адмераны нам Богам.  А Ганне Эдуардаўне Астап хочацца пажадаць здароўя яшчэ на доўгія гады, клопату і цяпла ад родных  ёй людзей.

Н.ШЭЎЧЫКФота з уласнага  архіва Г. АСТАП


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио