Каб сельскі жыхар адчуваў сябе камфортна, ён павінен мець, у першую чаргу, доступ да медыцынскага абслугоўвання і магчымасць у зручны для сябе час купіць прадукты харчавання і іншыя тавары першай неабходнасці. З мэтай паляпшэння дабрабыту вяскоўцаў прыняты абавязковыя для выканання сацыяльныя стандарты.
Наконт гандлёвага стандарта нядаўна патэлефанавала ў рэдакцыю дэпутат Харціцкага сельскага Савета, сельскі стараста вёскі Чарлёнка Таццяна Мікалаеўна Самойла. Яна выказвала занепакоенасць тым, што ў Чарлёнцы са жніўня зачынены магазін, а да бліжэйшага, які знаходзіцца ў Харціцы, кіламетраў дзесяць, а да магазіна ў Каўшова —яшчэ далей.
Калі быць да канца аб’ектыўным, дык без гандлёвага абслугоўвання насельніцтва адзінаццаці вёсак Харціцкага сельсавета не застаецца. У тыя населеныя пункты, дзе няма стацыянарных магазінаў, два разы ў ты-дзень прыязджае аўталаўка з прадуктамі і таварамі першай неабходнасці. Для пенсіянераў, якія пастаянна знахо-дзяцца дома, прыстасавацца да яе раскладу няцяжка. Складаней тым, хто на рабоце, такіх у Чарлёнцы таксама хапае. Не заспееш аўталаўку— застанешся без хлеба да наступнага яе прыезду ў вёску.
Жыхары вёсак Чарлёнка і Нёман не раз выказвалі на сельскіх сходах і ў сельскім Савеце пажаданне, звярталіся ў райспажыўтаварыства, каб у іх вёсках працавалі стацыянарныя магазіны. Просьбы Наталлі Мікалаеўны і іншых вяскоўцаў, нарэшце, былі пачуты. У магазін завезлі тавар, прадавец Ірына Шмароўская зноў стала за прылавак, пятага снежня магазін аднавіў работу. Многія вяскоўцы, у тым ліку і дэпутат сельскага Савета Т.М. Самойла, ужо зрабілі там неабходныя пакупкі.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад