Калі на нейкіх абставінах жыхар аддаленай вёскі не можа дайсці да магазіна, без хлеба і малака ён не застанецца, магазін на колах сам прыедзе да вяскоўца. Сёння ў 113 населеных пунктаў раёна два разы ў тыдзень, а то і часцей, заяджаюць з таварамі першай неабходнасці сем аўтамагазінаў. Іх паслугамі карыстаюцца каля трох з паловай тысяч вяскоўцаў. А ўсяго ў раёне 68 гандлёвых аб’ектаў, 47 знаходзяцца ў сельскай мясцовасці. Аб гэтым паведаміла спецыяліст па арганізацыі гандлю Мастоўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Вольга Анатольеўна Радзікевіч.
У вёсцы Пладовая, што на тэрыторыі Лунненскага сельскага Савета, сёння пражываюць адзінаццаць чалавек, у асноўным людзі пажылога ўзросту, са сваімі хваробамі. Некалькі гадоў назад з-за маланаселенасці ў вёсцы закрылі магазін. Цяпер па серадах і суботах у вёску прыязджае аўтамагазін №3.
—Прыезд аўтамагазіна для нас -- сапраўдная падзея: магчымасць не толькі купіць прадукты, але і перакінуцца словамі з вяскоўцамі, даведацца ад вадзіцеля і прадаўца пра тоё, што робіцца за яе ваколіцамі. Вадзіцель аўтамагазіна Генадзь Казіміравіч Шышла і прадавец Наталля Міхайлаўна Разумнік для нас як святло ў акенцы. Аўталаўка прыпыняецца амаль каля кожнага дома, а Генадзь Казіміравіч, бачачы, што сумка з прадуктамі цяжкая, не палянуецца дапамагчы пажылому чалавеку данесці яе да дома,— дзеліцца ўражаннямі пра работу выязнога магазіна жыхарка Пладовай Марыя Антонаўна Заботкіна.
Н.М. Разумнік і Г.К. Шышла абслугоў-ваюць вяскоўцаў Лунненскай і Курылавіцкай зон, і ўсюды сяльчане рады іх прыезду. Наталля Міхайлаўна і Генадзь Казіміравіч у гандлі працуюць не адзін год, патрэбы вяскоўцаў вывучылі як выдатнік табліцу множання. На іх працу ад вяскоўцаў ні разу не было нараканняў. Наталля Міхайлаўна зараз завочна займаецца ў Гродзенскім гандлёвым каледжы.
Прыватны гандляр наўрад ці павязе ў тую самую Пладовую хлеб ці малако, бо для яго такі гандаль стратны. Аўталаўкі ж для жыхароў аддаленых вёсках -- адзіны паратунак і магчымасць купіць не толькі свежыя прадукты і прамысловыя тавары першай неабходнасці. У аўтамагазіне можна аформіць папярэдні заказ на тавар, якога зараз няма з сабой у прадаўца. Напрыклад, вам захацелася набыць веласіпед, варта толькі выказаць сваё жаданне прадаўцу, і праз некалькі дзён двухкалёсны сябар будзе дастаўлены да парога вашага дома. Выгадна і зручна… Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад