Любоў да Радзімы не ўзнікае сама па сабе, яе выхаванне пачынаецца з ранняга дзяцінства.
Фундаментам для выхавання патрыятычных пачуццяў з’яўляецца сувязь пакаленняў. Уяўленні аб гістарычным мінулым роднага краю ў выхаванцаў фарміруюцца па фотаздымках, старых рэчах, апавяданнях пра продкаў. Выхаванне маральных якасцей у дашкольнікаў засноўваецца на паважлівых адносінах да сваёй гісторыі, гістарычнага мінулага свайго народа, на ведах аб дасягненнях і подзвігах сваіх суайчыннікаў і аднавяскоўцаў.
Закласці пачатак разумення мінулага і сучаснага дапамагаюць мэтавыя прагулкі і экскурсіі па сваёй мясцовасці, пад час якіх дзеці знаёмяцца з назвамі вуліц, архітэктурнымі помнікамі, прадпрыемствамі, якія знаходзяцца ў сваім, такім блізкім і родным аграгарадку.
Каб захаваць павагу да гістарычнага мінулага Радзімы, выхавальнікі дашкольнай адукацыі арганізуюць мэтавыя прагулкі да помнікаў. Педагогі разам з выхаванцамі прыходзяць у парк да помніка, дзе ўшанавана памяць герояў, якія абаранялі Лунна, да помніка землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Знаёмы дзецям і памятны знак яўрэям, якія палі ад рук фашыстаў. Выхавальнікі дашкольнай адукацыі прыводзяць выхаванцаў да бюста Герою Савецкага Саюза І. Шарамету, які ўстаноўлены ў двары школы, расказваюць чаму школа, у якой хутка прыйдзецца вучыцца, носіць імя І. Шарамета. Заўсёды цікава і карысна праходзяць экскурсіі ў Народны музей баявой славы школы. Асаблівую цікавасць выклікала ў выхаванцаў чарговая сустрэча ў музеі, якую арганізавала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Эйсмант Л.У. Экскурсія была праведзена ў даступнай для дашкольнікаў форме. Выхаванцы пазнаёміліся з бытам нашых продкаў, прадметамі дамашняга ўжытку таго часу, даведаліся, якое адзенне насілі нашы прадзеды. Значная частка экскурсіі была прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны і героям, якія змагаліся з ворагам. Хлопчыкі і дзяўчынкі з захапленнем разглядалі фотаздымкі, дакументы, асабовыя рэчы салдатаў. З дазволу экскурсавода некаторыя экспанаты дзеці патрымалі ў руках. Цікавасць выклікаў расказ аб паходжанні назвы аграгарадка і магчымасць убачыць птушку лунь, ад якой, паводле адной з версій, узнікла назва Лунна.
Мерапрыемствы патрыятычнага накірунку выклікаюць у выхаванцаў дзіцячага сада станоўчыя эмоцыі і цікавасць, што дае надзею на тое, што ў сэрцах нашых дзяцей зараджаецца пачуццё любові да роднага краю, і мы спадзяемся, што з іх вырастуць сапраўдныя грамадзяне сваёй Айчыны.
Юлія КАРОЛЬ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Лунненскага дзіцячага сада
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад