Заря над Неманом Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио
АктуальноГод исторической памятиКультураНовости МостовщиныНовости МостовщиныНовости МостовщиныНаш край

Лялечны спектакль “Калядная гісторыя” прадставілі мастаўчанам юныя акцёры

Лялечны спектакль “Калядная гісторыя” прадставілі мастаўчанам юныя акцёры20 января 2019 — 09:06

Музычны лялечны спектакль пад такой назвай быў прадстаўлены ўвазе гледачоў у літаратурнай гасцёўні ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”. Яго падрыхтавалі ўдзельнікі ўзорнага дзіцячага лялечнага тэатра “Петрушка” пад кіраўніцтвам Г.І Васілеўскай.

Прэм’ера пастаноўкі адбылася напярэдадні Каляд. Яе першымі гледачамі сталі хлопчыкі і дзяўчынкі, што адпачывалі ў прышкольных лагерах. А ў гэты студзеньскі дзень на спектакль былі запрошаны выхаванцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ЦСАН.

- Работа над пастаноўкай доўжылася на працягу амаль трох месяцаў, - расказвае Галіна Іосіфаўна. – Дзесяць юных акцёраў карпатліва працавалі над стварэннем яркіх вобразаў, старанна вучылі свае ролі, рыхтаваліся лялькі, дэкарацыі і касцюмы. Дапамогу ў гэтым аказвала мастак-пастаноўшчык В.В. Струк. Стала ўжо добрай традыцыяй у перыяд свята Ражства Хрыстова ставіць спектакль, прысвечаны каляднай тэматыцы, і гэты год не стаў выключэннем.

… І вось глядзельная зала запаўняецца гукамі чароўнай музыкі. Лялькі ў руках умелых акцёраў ажываюць і пачынаюць расказваць цікавую калядную гісторыю. З першых хвілін пастаноўка, сюжэт якой быў напісаны па матывах народных казак, захапіла ўвагу ўсіх прысутных у зале. Разам з галоўнымі героямі гледачы апынуліся ў казачным лесе, дзе разгарнулася асноўнае дзейства. Тут маленькая дзяўчынка-сірата засталася зусім адна ў Калядную ноч. Але лясныя звяры не далі ёй сумаваць…

Гэты спектакль стаў дэбютам для трох юных мастаўчанак - Дар’і Цыбульскай, Паліны Суржэнка і Варвары Лазарэнка. Іх першыя крокі ў тэатральным мастацтве аказаліся паспяховымі. А вось вучаніца 8 “Б” класа пятай гарадской школы Таццяна Лазарэнка з’яўляецца ўдзельніцай узорнага дзіцячага лялечнага тэатра ўжо напрацягу чатырох гадоў.

- Раней тут займалася мая старэйшая сястра, якая зараз вучыцца ў каледжы, - дзеліцца эмоцыямі дзяўчынка. – Яе прыклад стаў для мяне штуршком, каб паспрабаваць свае сілы на сцэне. Дарэчы, акрамя гэтага калектыву, я наведваю і музычную школу, спяваю ў царкоўным хоры. Заняткі тэатральным мастацтвам дапамагаюць мне ўпэўнена трымацца перад аўдыторыяй.

Выдатна справіліся са сваімі ролямі Антон Рубцэвіч і Вадзім Лагарэнка. Юнакі з’яўляюцца ўдзельнікамі калектыву вось ужо чатыры гады.

- Тэатр – унікальны від мастацтва, - адзначаюць Антон і Вадзім. – Калі чуеш апладысменты ўдзячных гледачоў, адчуваеш вялікую асалоду і радасць. Тут мы выпрацоўваем у сабе многія важныя ўменні і навыкі, а таму займацца ў гэтым калектыве – адно задавальненне.

У гэтым перакананы і іншыя ўдзельнікі калектыву: Юлія Венская, Наталля Малая, Валерыя Салалайка, Маша Бабіч.

Захапляльная гісторыя, якая здарылася ў Калядную ноч з дзяўчынкай-сіратой, мае глыбокі сэнс. Яна яшчэ раз нагадала ўсім прысутным аб неабходнасці рабіць добрыя ўчынкі, быць шчырымі і прыходзіць адзін аднаму на дапамогу. У той час, калі за вокнамі дзьмуў халодны зімовы вецер, у літаратурнай гасцёўні было цёпла ад шчырых усмешак і бурных апладысментаў.

Фінальным акордам творчай сустрэчы сталі вершы, прысвечаныя гэтаму светламу святу. Іх прачытанне ўдзельнікамі калектыву кранула самыя патаемныя струны душы кожнага прысутнага ў зале.

- Нашы выхаванцы – частыя госці ў раённай бібліятэцы, - расказвае настаўнік ЦКРНіР Т.К. Скарабагатая. – У гэтыя светлыя дні цудоўная “Калядная гісторыя” прымусіла ўсіх нас яшчэ раз задумацца аб неабходнасці праяўляць лепшыя маральныя якасці. Пастаноўка падарыла многа станоўчых эмоцый і дзецям, і дарослым.

В.ЦІШКО

Фота аўтара


Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».


Назад
Идет подписка Что? Где? Когда? Районное радио