Літаратурна-музычны вечар і прэзентацыя выстаўкі
“Старонкі гэтых кніг – гісторыя вайны” прайшлі ў Харціцкай сельскай бібліятэцы
Усё далей адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам усё менш застаецца і жывых сведкаў трагічнага і гераічнага мінулага. Аднак жыве памяць – у нашых сэрцах, словах і справах, у нашых дзецях, якім продкамі завешчана берагчы мір.
Менавіта таму вядучымі літаратурна-музычнага вечара, што ладзіўся ў Харціцы, сталі мясцовыя школьнікі. Гэта дзевяцікласнікі Дзіяна Сцешакова і Карына Рожка, а таксама шасцікласнікі Саша Будзько і Дар’я Рожка разам з бібліятэкарам С.Ю.Брыцько.
Шмат гора прынесла вайна беларусам, але ніякія выпрабаванні і нягоды не скарылі наш мужны і смелы народ. Пра гэта пісалі Юрый Свірка ў вершы “Балада пра неўміручасць” і Васіль Быкаў у сваіх шматлікіх творах, пра гэта спяваў Марк Бернэс, слухаць песні ў выкананні якога нельга без слёз. Гучалі яны і ў бібліятэцы.
«Хтосьці родам з дзяцінства, а я -- з вайны...» -- так называўся раздзел, прысвечаны ўспамінам дзяцей, што перажылі вайну. Асабліва пранікнёна і шчымліва яны гучалі з вуснаў іх цяперашніх равеснікаў.
Адзін з раздзелаў літаратурна-музычнай кампазіцыі быў прысвечаны тэме малой радзімы, а дакладней, баявым дзеянням, што вяліся на тэрыторыі былога Харціцкага сельсавета. У бібліятэцы сабраны багаты матэрыял, што змяшчае фотаздымкі мясцовых удзельнікаў вайны, спісы тых, хто загінуў і прапаў без звестак. Многае з гістарычнага “багажа” было выкарыстана рабятамі яшчэ на стадыі падрыхтоўкі, а пасля і падчас творчага мерапрыемства.
Удзельнікі вечара, дзякуючы сучасным тэхналогіям, здзейснілі віртуальную экскурсію па месцах баявой славы свайго краю. Яны адчулі гонар за адважных і смелых землякоў, герояў вайны і нізка схілілі галовы ў памяць аб лётчыку А.С.Данілаве, які прыняў свой першы бой у небе Мастоўшчыны, камуністах з вёскі Чарлёна, што былі расстраляны фашыстамі, Федзі Шостаку, які выратаваў чырвоны сцяг, аб мясцовым жыхары Іване Шчасным – актыўным удзельніку Скідальскага падполля і семярых мужных разведчыках, Героях Савецкага Саюза, што вызначыліся пры фарсіраванні ракі Нёман каля вёскі Каўшова.
...Доўга яшчэ ў гэты дзень у Харціцкай бібліятэцы гучалі ваенна-патрыятычныя вершы і шчымліва-лірычныя песні. Яны краналі самыя патаемныя струны душы і гучалі набатам памяці: “Каб ніколі болей!..”
Н.БЯЙДУК
Перепечатка материалов допускается с письменного разрешения «учреждение «Редакция газеты «Зара над Нёманам».
Назад